Затрымалі былога сустаршыню страйкаму «Беларуськалія» 

Сяргей Чаркасаў на судзе «Беларуськалія» супраць страйкаму

Сяргей Чаркасаў, які да 11 верасьня зьяўляўся сустаршынёй страйкаму «Беларуськалій», а таксама яшчэ адзін прадстаўнік камітэту Раман Лявончык затрыманыя ў Салігорску.

«Апошнім часам на чальцоў і ўдзельнікаў страйку аказваецца беспрэцэдэнтны ціск, — спасылаецца БелаПАН на заяву страйкаму. — Ад канца жніўня суды выносілі штрафы і рашэньні аб адміністрацыйных арыштах паводле адміністрацыйнага артыкулу 23.34 у дачыненьні да Анатоля Бокуна, Уладзімера Шылы, Дзяніса Тарасевіча, Мікалая Лявончыка, Мікалая Зіміна, Сяргея Казелька, Пятра Печкурова».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд прызнаў незаконным страйк шахтароў «Беларуськалію»

17 жніўня ў Салігорску прайшоў сход страйкавага камітэта «Беларуськалія», на якім былі зацьверджаны патрабаваньні шахтараў.

Сярод іх прызнаньне вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў несапраўднымі, прыцягненьне Аляксандра Лукашэнкі і старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай да адказнасьці за злачынствы супраць народу і фальсыфікацыю выбараў, вызваленьне палітвязьняў і ўдзельнікаў мірных акцый, недапушчэньне мераў адміністрацыйнага ўзьдзеяньня ў дачыненьні да ўдзельнікаў страйку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страйкам «Беларуськалію» патлумачыў, чаму далейшы пратэст будзе палітычным 

Суд Менскай вобласьці 11 верасьня прызнаў страйк шахтараў незаконным. Рашэньне вынесла судзьдзя Валянціна Караткевіч. З адпаведным пазовам зьвярнуўся абласны пракурор Сяргей Хмарук.