Гомельскі журналіст Яўген Меркіс атрымаў 15 сутак арышту

Яўген Меркіс, архіўнае фота

17 верасьня суд Навабеліцкага раёну Гомля пакараў журналіста Яўгена Меркіса арыштам на 15 сутак за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Суд над Меркісам праходзіў у будынку РАУС, туды нікога не пусьцілі.

Яўгена Меркіса затрымалі 14 верасьня разам з калегай Марынай Драбышэўскай. 15 верасьня суд пакараў Драбышэўскую арыштам на 10 сутак.

Апошні раз Яўгену Меркісу прысудзілі 5 сутак арышту 24 жніўня, абвінаваціўшы ў «парушэньні парадку правядзеньня масавага мерапрыемства». Да гэтага журналіст таксама быў затрыманы і мусіў адседзець 15 сутак, але яго адпусьцілі праз трое сутак.

Цяпер 8 журналістаў знаходзяцца за кратамі па адміністрацыйных прысудах.