Трох зь пяці музыкаў Best Sound Band, якія выступалі падчас жаночага маршу, зьняволілі ў ЦІП на Акрэсьціна

"Зачыстка" на жаночым маршы, 26 верасьня

Падчас жаночага маршу 26 верасьня ў падземным пераходзе на плошчы Якуба Коласа ў Менску затрымалі музыкаў кавэр-гурту Best Sound Band. У міліцыю іх даставілі разам з інструмэнтамі.

Калі частка пратэстоўцаў спусьцілася ў пераход, пяцёрка заграла «Перемен» Віктара Цоя і «Муры». Людзі віталі маладых музыкаў, падпявалі ім. Але неўзабаве зьявіліся міліцыянты, якія загадалі спыніцца і зьбірацца ў аддзяленьне для «высьвятленьне асобаў».

Дазвольныя паперы на вулічныя выступы на міліцыянтаў не падзейнічалі. Таксама і абураныя воклічы мінакоў, якія спрабавалі прысароміць сілавікоў: маўляў, толькі і хапае імпэту, што змагацца з уласным народам.

Пазьней высьветлілася, што затрымалі трох удзельнікаў кавэр-бэнду: Яраслава Бандарчука, Ніну Матушкіну, Вадзіма Бурака. Да суду іх зьмясьцілі ў цэнтар ізаляцыі на Акрэсьціна, такія прозьвішчы ёсьць на сайце Праваабарончага цэнтру «Вясна». Яшчэ дваіх адпусьцілі.

У чым канкрэтна абвінавачваюць музыкаў, пакуль невядома. Але сама меней да панядзелка ім давядзецца правесьці за кратамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На жаночым маршы ў Менску затрымалі цэлы кавэр-гурт. ВІДЭА 

Гэта ня першыя музыкі, якія пацярпелі ад сілавікоў апошнім часам. 27 верасьня павінны выйсьці асуджаныя на 8 сутак сьпявак Аляксандар Памідораў і лідэр мэтал-калектыву Gods Tower Уладзіслаў Наважылаў. Таксама затрымлівалі да суду фронтмэна культавага трэш-гурту «Тарнада» Андрэя «Ангуса» Піпко.