Журналістку «МБХ медиа» зьняволілі ў жодзінскую турму, за кратамі таксама 5 карэспандэнтаў «Белсату»

Журналістаў БТ і RT на акцыях не чапаюць

Затрыманую напярэдадні ў Менску карэспандэнтку расейскага выданьня «МБХ медиа» Анастасію Альшанскую зьмясцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня ў Жодзіне. Пра гэта паведаміў яе адвакат Антон Гашынскі.

«Паколькі яе затрымалі ў суботу, а суды пачынаюць працаваць толькі ад панядзелка, гэта і ёсьць меркаваны час разгляду адміністрацыйнай справы. Аднак калі ў нядзелю будуць маштабныя акцыі і вялікая колькасьць затрыманых, суд можа прайсьці ў аўторак», — адзначыў абаронца.

Ён дадаў, што праз дыпляматычныя каналы была спроба «выцягнуць з-за кратаў» Анастасію Альшанскую ў суботу, але нічога не атрымалася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля «праверкі асобаў» пачалі адпускаць затрыманых на Жаночым маршы журналістаў. Але ня ўсіх

Тым часам колькасьць зьняволеных журналістаў тэлеканалу «Белсат» дасягнула пяці. 26 верасьня падчас акцыі жанчын затрымалі Марыю Грыц. Не ўратавала нават тое, што дома ў яе 1,5-гадовае дзіця. Яна будзе чакаць суду.

24 верасьня каля Акрэсьціна міліцыянты схапілі Дзяніса Ганчарэнку і Аляксандра Любенчука. Кожнага суд пакараў 12 суткамі арышту і штрафамі па 810 рублёў. У той жа дзень асудзілі на 15 сутак Паўла Патапава.

Таксама 15 дзён арышту ў Гомлі адбывае Яўген Меркіс, якога затрымалі 14 верасьня.