Выйшлі на свабоду бізнэсоўцы, якія здавалі ў арэнду памяшканьне для штабу Бабарыкі і Каардынацыйнай рады

Ілюстрацыйнае фота

Зьмененая мера стрыманьня чатыром зь пяці фігурантаў справы «Белцяжмашу». Яны выйшлі на волю пад падпіскі аб нявыезьдзе. Пад вартай застаўся кіраўнік дэвэлапэрскай кампаніі Ігар Анішчанка.​

Пра гэта паведамляе партал Tut.by са спасылкай на інфармаваную крыніцу.

16 верасьня прадстаўнікі праваахоўных органаў прыйшлі ў офісы групы кампаній «Белцяжмаш», якімі кіруюць бізнэсоўцы Ігар, Аляксандар і Дзьмітры Анішчанкі. Увечары таго ж дня зьявілася інфармацыя, што ўладальнікаў і двух топ-мэнэджараў групы кампаній «Белцяжмаш» затрымалі.

Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў КДК падазрае кіраўніцтва «Белцяжмашу» ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў на суму больш як 6 млн рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць уласьнікаў будынку, дзе разьмяшчаўся штаб Бабарыкі, завялі крымінальную справу

Затрыманьне кіраўнікоў «Белцяжмашу» адбылося праз тыдзень пасьля таго, як спэцслужбы апячаталі памяшканьне штабу Віктара Бабарыкі. Каманда былога кіраўніка Белгазпрамбанку, які ў траўні абвясьціў пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі, наймала офіс у будынку па вул. В. Харужай, 25/1, які здае ў арэнду «Белцяжмаш». Пазьней там разьмяшчалася і Каардынацыйная рада па транзыце ўлады.