Пашыньян не выключае прызнаньня Армэніяй незалежнасьці Нагорнага Карабаху. Азэрбайджан уводзіць ваеннае становішча

Нікол Пашыньян

«Пытаньне аб прызнаньні Карабаху знаходзіцца ў нашым парадку дня. Мы павінны вельмі сурʼёзна абмеркаваць — ідзем мы на гэты крок ці не», — заявіў Нікол Пашыньян на адмысловым пасяджэньні парлямэнту Армэніі ў нядзелю. Пра гэтую заяву прэм’ер-міністра Армэніі паведамляе ТАСС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абвастрэньне ў Нагорным Карабаху. Армэнія ўвяла ваеннае становішча

Намесьнік міністра абароны непрызнанай Нагорна-Карабаскай рэспублікі (НКР) Артур Саркісьян паведаміў, што сёньня ўзброеныя сілы НКР страцілі 16 чалавек забітымі і больш за 100 вайскоўцаў былі параненыя.

Паводле Саркісьяна, армянскія сілы зьбілі тры гелікоптэры і 20 дронаў і падбілі 30 танкаў і БМП узброеных сілаў Азэрбайджану.

Ільхам Аліеў

Улады Азэрбайджану тым часам абвясьцілі, што з 28 верасьня​ ўводзяць на ўсёй тэрыторыі краіны ваеннае становішча.

Армэнія яшчэ раней абвясьціла ваеннае становішча і ўсеагульную мабілізацыю. Таксама ваеннае становішча абвясьцілі ўлады непрызнанай Нагорна-Карабаскай Рэспублікі.