Канфлікт у Нагорным Карабаху: баі працягваюцца з выкарыстаньнем цяжкага ўзбраеньня. ВІДЭА

У ноч на 29 верасьня баі ў Нагорным Карабаху працягваліся з ранейшай інтэнсіўнасьцю. Абодва бакі актыўна ўжываюць артылерыю, танкі, іншую цяжкую тэхніку і авіяцыю.

Ерэван заявіў пра гібель мірнага жыхара ў выніку ўдару бесьпілётніка. Паводле ВВС, адзін чалавек загінуў, трое былі параненыя ў выніку ўдару па горадзе Гадрут у Карабаху.

«Удар бесьпілётніка быў нанесены па двары дома. Загінула пажылая жанчына, трое жыхароў параненыя», — заявіў мясцовым жыхарам кіраўнік адміністрацыі гораду Гадрут. Яго цытуе «​Інтэрфакс».

Міністэрства абароны Азэрбайджану паведамляе аб жорсткіх баях на лініі судакрананьня азэрбайджанскіх і армянскіх вайскоўцаў у зоне нагорнакарабаскага канфлікту.

«У ноч на 29 верасьня працягваліся баі ўздоўж усёй лініі фронту. Армянскі бок распачаў контратакі ў Фізулі-Джабраыльскім і Агдэрэ-Тэртэрскім кірунках фронту з мэтай вярнуць страчаныя пазыцыі, але азэрбайджанская армія неадкладна перапыняла гэтыя спробы», — паведамляе азэрбайджанскі бок.

Як адзначае РБК, тэлефонныя перамовы з прадстаўнікамі супрацьлеглых бакоў, а таксама з уладамі Турэччыны, якія правялі яшчэ ў нядзелю расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін і кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў, пакуль на ход канфлікту не паўплывалі.

Турэччына, найбліжэйшы саюзьнік Азэрбайджану, заклікала Армэнію цалкам вывесьці свае войскі з Нагорнага Карабаху. Галоўны дарадца турэцкага прэзыдэнта Ільнур Чэвік заявіў таксама, што Турэччына запэўніла Баку ў сваёй падтрымцы, як бы далёка ні зайшоў канфлікт. Акрамя таго, Анкара лічыць, што Баку вольны дзейнічаць, як пажадае.

Прэс-сакратар генэральнага сакратара ААН Стэфан Д'южарык заявіў, што Антонію Гутэрыш заклапочаны эскаляцыяй у Нагорным Карабаху, асуджае прымяненьне бакамі ваеннай сілы і настойліва просіць вярнуцца за стол перамоваў.