Міжнародная фэдэрацыя лёгкай атлетыкі асудзіла выбраньне старшынёй беларускай фэдэрацыі пакаранага за допінг спартоўца

Іван Ціхан

Міжнародная фэдэрацыя лёгкай атлетыкі (IAAF) асуджае абраньне Івана Ціхана старшынёй Беларускай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі.

Там лічаць, што чалавек з допінгавым мінулым ня можа займаць кіроўныя пасады ў спартовых арганізацыях.

Іван Ціхан адбываў допінгавую дыскваліфікацыю, за што мусіў вярнуць залатыя мэдалі чэмпіянату сьвету-2005 і чэмпіянату Эўропы-2006. Таксама ён пазбаўлены срэбнай узнагароды Алімпіяды-2004 пасьля таго, як у 2012 годзе паўторны тэст паказаў наяўнасьць у аналізах анабалічных стэроідаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сапраўдны патрыёт» Іван Ціхан будзе кіраваць Фэдэрацыяй лёгкай атлетыкі замест Вадзіма Дзевятоўскага 

Іван Ціхан быў абраны на пасаду старшыні фэдэрацыі 24 верасьня, замяніўшы на гэтай пасадзе свайго калегу, таксама кідальніка молата Вадзіма Дзевятоўскага. Той у сярэдзіне жніўня заявіў, што Аляксандар Лукашэнка — не ягоны прэзыдэнт, пасьля чаго больш чым на месяц зьнік з інфармацыйнай прасторы.

Ціхан — пасьлядоўны прыхільнік палітыкі цяперашніх уладаў. На нядаўнай сустрэчы ў Горадні Лукашэнка падзякаваў атлету за тое што ён ня здрадзіў і застаўся «сапраўдным патрыётам».