Трамп адмовіўся ад віртуальных дэбатаў з Байдэнам

Перадвыбарчыя дэбаты Дональда Трампа і Джо Байдэна, верасень 2020

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп адмовіўся ўдзельнічаць у перадвыбарчых онлайн-дэбатах са сваім супернікам дэмакратам Джо Байдэнам.

У інтэрвію тэлеканалу Fox Business Трамп адзначыў, што ня будзе марнаваць на гэта час. Прэзыдэнт таксама сказаў, што, на яго думку, ён перамог Байдэна на першых дэбатах і меў намер перамагчы на другіх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн на перадвыбарчых дэбатах назваў Трампa «шчанюком Пуціна»

Раней арганізатары дэбатаў паведамілі пра намер правесьці дэбаты ў віртуальным фармаце. Гледачы і мадэратар павінны былі знаходзіцца ў Маямі, а кандыдаты ў прэзыдэнты — онлайн.

2 кастрычніка стала вядома, што ў Дональда Трампа і яго жонкі дыягнаставаны каранавірус. Прэзыдэнта на некалькі дзён шпіталізавалі паводле рэкамэндацыі лекараў, ён працаваў дыстанцыйна. Цяпер, паводле слоў Трампа, ён адчувае сябе добра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня дайце COVID-19 кіраваць вашым жыцьцём». Трамп вярнуўся ў Белы дом

Джо Байдэн казаў, што гатовы да новай перадвыбарчай сустрэчы з Трампам, калі гэта будзе бясьпечна. Ён прапаноўваў перанесьці дэбаты на іншы дзень.

Праведзеныя на мінулым тыдні першыя дэбаты кандыдатаў у прэзыдэнты паміж Трампам і Байдэнам ператварыліся ў эмацыйную сварку.

Выбары прэзыдэнта ЗША прызначаныя на 3 лістапада.