У Менску засталіся паслы толькі дзьвюх эўрапейскіх краін — Аўстрыі і Італіі

У Менску з паслоў краін Эўразьвязу на раніцу 10 кастрычніка засталіся толькі кіраўнікі дыпмісій Аўстрыі і Італіі, паведамляе Tut.by са спасылкай на інфармаваныя крыніцы. Астатніх эўрапейскіх амбасадараў адклікалі ў свае сталіцы для кансультацый.

Дыпляматычны скандал распачаўся 2 кастрычніка, калі МЗС Беларусі запатрабаваў ад пасольстваў Польшчы і Літвы скараціць колькасьць дыпляматаў: у літоўскай амбасадзе замест 25 павінна застацца 14 дыпляматаў, у польскай — 18 замест 50. Таксама ў МЗС Беларусі рэкамэндавалі адклікаць паслоў Літвы і Польшчы на радзіму для кансультацый.

Кіраўнік МЗС Польшчы пры гэтым заявіў, што «ў каардынацыі з Эўрапейскай службай зьнешніх сувязяў і краінамі-чальцамі ЭЗ прынята сумеснае рашэньне адклікаць для кансультацый некаторых з паслоў, акрэдытаваных у Беларусі».

Амбасадар Польшчы Артур Міхальскі і амбасадар Літвы Андрус Пулокас пакінулі Беларусь 5 кастрычніка. 9 кастрычніка МЗС Польшчы выканала патрабаваньне беларускага боку, адклікаўшы 32 польскіх дыпляматаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва адклікае зь Менску яшчэ пяцёх дыпляматаў

Паслоў таксама адклікалі Нямеччына, Латвія, Эстонія, Чэхія, Баўгарыя, Вялікая Брытанія і Румынія. Пра такія ж намеры паведамілі ў Славакіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікая Брытанія адклікае свайго пасла зь Менску

9 кастрычніка кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімер Макей па тэлефоне абмеркаваў з высокім прадстаўніком ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузепам Бурэлем пэрспэктывы адносін паміж Беларусьсю і ЭЗ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей запэўніў Бурэля, што скарачэньне штату амбасадаў Літвы і Польшчы не скіраванае супраць ЭЗ