Латушка: «Весьці дыялёг па Канстытуцыі ў турме КДБ — прызнаньне ўласнай слабасьці»

Павал Латушка

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу ў краіне Павал Латушка лічыць, што Аляксандар Лукашэнка фактычна прызнаў палітвязьнямі ўдзельнікаў сёньняшняй сустрэчы ў СІЗА КДБ.

«Весьці дыялёг з тымі, хто ў турме, — прызнаньне ўласнай слабасьці, — заявіў Павал Латушка ў відэазвароце. — Ён пасадзіў за стол перамоваў палітвязьняў, якіх яшчэ ўчора абвінавачваў у эканамічных злачынствах. Гэтая падзея афіцыйна прызнае ня толькі факт наяўнасьці палітвязьняў у Беларусі, але і тое, што беларускія пратэсты дзейнічаюць. Яны працуюць і ствараюць уладзе сур’ёзныя нязручнасьці».

Латушка адзначае, што «лёгка праводзіць круглы стол зь людзьмі, якія зьяўляюцца закладнікамі», і мяркуе, што Лукашэнка паспрабуе «прыкрывацца іх імем, каб легітымізаваць свае злачынныя дзеяньні» па рэформе Канстытуцыі.

«Сёньняшняя сустрэча паказала: мы на правільным шляху. Лукашэнка быў вымушаны сесьці за стол перамоваў зь людзьмі, якіх сам жа пасадзіў за краты. У ягонай дзяржаве ўсё трашчыць па швах: эканоміка разбураецца, банкаўская сыстэма таксама, развальваецца вайсковая падтрымка, зьнешняя палітыка пацярпела фіяска, наступіла поўная ізаляцыя», — падкрэсьліў Павал Латушка.

Ён яшчэ раз паўтарыў патрабаваньні пратэстоўцаў — неадкладна вызваліць усіх палітвязьняў, прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у злачынствах і правесьці новыя сумленныя выбары.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка сустрэўся з Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ

Сёньня блізкі да прэс-службы прэзыдэнта тэлеграм-канал «Пул Первого» паведаміў, што Лукашэнка сустрэўся ў сьледчым ізалятары КДБ з затрыманымі прадстаўнікамі Каардынацыйнай рады і аб’яднанага штабу апазыцыі.

Сьцьвярджаецца, што Лукашэнка размаўляў са зьняволенымі чатыры з паловай гадзіны, але пра што — тайна. На фота бачныя Віктар і Эдуард Бабарыкі, Лілія Ўласава, Юры Васкрасенскі, Дзьмітры Рабцэвіч, Сяргей Дабралёт, Кірыл Бадзей. Таксама відаць шыльдачкі з імёнамі «Віталь Шкляраў» і «Ільля Салей», але твараў людзей, якія сядзяць за імі, ня бачна.