Калесьнікава адмовілася ад сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА КДБ

Марыя Калесьнікава падчас пратэстнага маршу 30 жніўня

Марыя Калесьнікава адмовілася ад сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА КДБ. Пра гэта расказаў яе адвакат Аляксандар Пыльчанка ў інтэрвію расейскаму радыё «Эхо Москвы».​

Паводле Пыльчанкі, у пятніцу 9 кастрычніка да Марыі прыяжджалі двое мужчын, якія не назваліся і адмовіліся паведаміць, куды зьбіраюцца яе везьці.

«Марыя такая крэатыўная дзяўчына, відаць, іх трошкі напужала. Сказала: ну чаго цяпер размаўляць, паўтара месяца таму мы прапаноўвалі ўсё гэта спыніць, цяпер усе ў турме або выдвараныя з краіны. Да таго ж вы не назваліся, хопіць, мяне ўжо павазілі па Беларусі паўтара дня і я ня ведала, дзе знаходжуся. Вось калі назавуцца людзі, скажуць, хто яны і куды вязуць, каб я не баялася ехаць. Цяпер, сказала, у Жодзіне ў ізалятары ёй спакайней, чым езьдзіць зь незнаёмымі людзьмі», — сказаў Пыльчанка.

Акрамя таго, з словаў адваката, калі гэтыя мужчыны задалі Калеснікавай пытаньне, як яна бачыць сваю будучыню, яна сказала, што бачыць па-рознаму: альбо пяць гадоў зьняволеньня — да новых выбараў, альбо паўтара года — бо так у Беларусі сядзяць палітвязьні, альбо ўсё зьменіцца ў кожную сэкунду.

Паводле Аляксандра Пыльчанкі, для яго падабаронных Віктара Бабарыкі і Марыі Калесьнікавай прапанова сустрэчы была нечаканай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка на сустрэчы ў СІЗА КДБ дазволіў Сяргею Ціханоўскаму патэлефанаваць Сьвятлане

Лукашэнка 10 кастрычніка сустрэўся ў сьледчым ізалятары КДБ з затрыманымі прадстаўнікамі Каардынацыйнай рады і аб’яднанага штабу апазыцыі. Сьцьвярджаецца, што Лукашэнка размаўляў са зьняволенымі чатыры з паловай гадзіны, але пра што — таямніца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ўсіх падмане? Вынікі «круглага стала ў СІЗА»