На «Беларуськаліі» чарговы шахтар адмовіўся падымацца на паверхню 

Аляксандар Курбан

На знак пратэсту майстар-выбуховік Аляксандар Курбан прыкаваў сябе ланцугом да мэталаканструкцыяў у месцы пасадкі работнікаў у клець, паведаміў тэлеграм-канал «Страйкам Белкалію» з спасылкай на работнікаў 4-га рудаўпраўленьня.

Аляксандар Курбан патрабуе

  • падняць заработную плату на ўзровень, які адпавядае цяжкасьці і небясьпецы ўмоваў працы,
  • забясьпечыць рабочых спраўным і прыдатным інструмэнтам для выкананьня сваіх працоўных абавязкаў, а таксама новым самаходным транспартам усе ўчасткі рудніку,
  • спыніць ціск на працоўных і незалежны прафсаюз,
  • скасаваць злачыннае рашэньне звольніць работнікаў «Беларуськалію», якія знаходзяцца ў страйку,
  • генэральнаму дырэктару як сэнатару ад Менскай вобласьці давесьці да вышэйшага кіраўніцтва краіны пазыцыю працоўнага калектыву, а менавіта: прызначыць новыя адкрытыя і сумленныя выбары, вызваліць усіх палітычных зьняволеных, спыніць зьбіцьцё мірных грамадзян.

А 9:15 страйкам паведаміў, што Аляксандра Курбана паднялі на паверхню.

Яго дасталі з шахты горныя ратавальнікі.

«Перакусілі ланцуг, якім ён сябе прыкаваў да клеці, і паднялі», — паведаміў сябра страйкаму «Беларуськалія» Віталь Дзядюк.

Зь ягоных словаў, на паверхні Аляксандра Курбана чакалі прадстаўнікі адміністрацыі, лекары хуткай дапамогі і міліцыянты.

«Яго адразу павезьлі ў псыхдыспансэр на агляд, там вызначылі, што ён цалкам здаровы. Цяпер разам зь сябрам страйкаму ён паехаў дамоў, каб прыняць душ, крыху адпачыць, але праз гадзіну абяцаў прыехаць да нас у страйкам. Мы яго чакаем», — апавёў Віталь Дзядюк.

Пра тое, ці кантактавалі ўжо з Аляксандрам Курбанам прадстаўнікі міліцыі, Віталю Дзедзюку невядома.

Мабільны тэлефон Аляксандра Курбана не адказвае.

Патрабаваньні Аляксандра Курбана

Гэта ня першы такі пратэст на «Беларуськаліі».

10 верасьня адмовіўся падымацца з забою Юры Корзун.

21 верасьня — Алег Кудзёлка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Далей я буду са страйкамам». Шахтар Алег Кудзёлка расказаў, як рыхтаваўся да пратэсту пад зямлёй

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шахтар, які прыкаваў сябе кайданкамі: «Людзі прапаноўвалі пагасіць усе мае крэдыты»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вы не адны!» Ціханоўская заклікала працаўнікоў заводаў і прадпрыемстваў працягваць барацьбу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На 15 сутак арыштавалі шахтара Юрыя Корзуна, які ў верасьні адмовіўся падняцца з забою 
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Работнікі «Нафтану»: «Хочам жыць у краіне, дзе кіраўнік, наняты народам, не называе яго „пацукамі“»