У Горадні на рок-музыку завялі крымінальную справу за вулічны пэрформанс

Ігар Банцэр, 12 кастрыніка 2020 году.

Прадстаўніка горадзенскага андэграўнду Ігара Банцэра затрымалі 20 кастрычніка. Ён падазраваны паводле крымінальнай справы аб хуліганстве.

Ігар Банцэр — лідэр стрыт-панкавага гурту Mister X. Яму 40 гадоў, жанаты, двое дзяцей. Сёлета падчас пратэстаў ён тройчы адседзеў за ўдзел у мітынгах, агулам 18 дзён, мае сплаціць штраф.

Як расказала жонка Банцэра Анжаліка Арэхва, да іх у кватэру прыйшлі двое міліцыянтаў каля 6-й гадзіны ранку 20 кастрычніка, нехта яшчэ заставаўся на сходах.

Анжаліка Арэхва.

«Нібыта забраць яго да сьледчага. Казалі, што ён нібыта хаваецца. Хоць ён не хаваўся. Заўсёды па вуліцы нармальна хадзіў, ні ад кога ня бегаў», — кажа Арэхва.

Прычын затрыманьня жонка спачатку не разумела. Ігар дачакаўся адваката і паехаў разам зь ім. Потым стала вядома пра затрыманьне на тры гадзіны «да высьвятленьня нечага».

Увечары таго ж дня жонка даведалася, што заведзеная крымінальная справа па артыкуле 339 «Хуліганства». Банцэр — падазраваны. Пакуль ён застаецца пад вартай на 72 гадзіны.

Ігар Банцэр на акцыі пратэсту ў Горадні.

Вядома, што нагодай для справы стаў адзін з вулічных пэрформансаў Банцэра, калі ён станцаваў перад міліцыянтамі, зьняўшы майткі.

Падчас ператрусу забралі ноўтбук

Каля 10-й гадзіны вечара 20 кастрычніка ў кватэру Банцэра і Арэхвы прыйшлі зь ператрусам. Ігара не прывозілі. Што шукалі, не казалі. Ператрус ішоў нядоўга. Урэшце забралі ноўтбук Ігара. У сям’і растуць сын і дачка 8 і 10 год. Яны прачнуліся, калі па тату прыйшлі, але з пакоя не выходзілі.

«Яны ўсё разумеюць, не малыя ўжо. Яго ж затрымлівалі і на суткі садзілі, таму яны ведаюць. Тату яны любяць. Таму для іх гэта незразумела, за што, чаму. Учора сядзелі ціхенька ў пакоі, не выходзілі, баяліся. Гэта таксама для іх стрэс, канечне», — кажа маці.

Анжаліка думае, што мужа затрымалі празь ягоную актыўную грамадзянскую пазыцыю.

«Вядома, чаму гэтыя пэрформансы ўсе былі, праўда? Ігар актыўна выказваўся на тэму таго, што адбываецца ў краіне цяпер. Пэрформансы даўно былі, але чамусьці цяпер вырашылі прыцягнуць яго да адказнасьці», — кажа яна.

Вэрсія міліцыі

Паводле вэрсіі міліцыі, 5 верасьня 40-гадовы гарадзенец знаходзіўся ў адной з забаўляльных установаў Горадні на вуліцы Горкага. Калі ён выйшаў на вуліцу, то ўбачыў там машыну міліцыі, падышоў да лабавога шкла і пачаў дэманстраваць геніталіі.

Дзеяньні мужчыны бачылі наведвальнікі забаўляльнай установы, зьнялі на відэа і выклалі ў адзін з тэлеграм-каналаў. Крымінальную справу завялі па артыкуле «Хуліганства».

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.