Мужа пасадзілі за пратэсты, жонку з дваімі дзецьмі высяляюць са здымнай кватэры

Тацяна і Кірыл з сынам

Будаўніка Кірыла Паўлаўца затрымалі 4 кастрычніка пасьля маршу, асудзілі на 14 дзён арышту. Завялі крымінальную справу, з Акрэсьціна перавялі на Валадарку. Дома засталася жонка ў дэкрэце з двума сынамі 2 і 4 гадоў. Зараз Тацяну зь дзецьмі высяляюць з арандаванай кватэры — да 31 кастрычніка сям’я Паўлаўцоў мусіць пакінуць жытло.

Спачатку далі 14 сутак, на Акрэсьціна завялі крымінальную справу

Тацяна Паўлавец не хавае, што яе муж Кірыл пастаянна штонядзелю хадзіў на маршы. 4 кастрычніка ўвечары Кірыл вярнуўся зь мітынгу, сям’я села вячэраць. Кірылу патэлефанавалі са схаванага нумара, папрасілі выйсьці ў двор і адагнаць машыну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля выбараў улады завялі больш як 400 крымінальных спраў за пратэсты

«У двары Кірыла чакалі людзі ў балаклавах, забралі ў РУУС. Мы мяркуем, што за ім сачылі пасьля мітынгу. На наступны дзень быў суд — абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве (артыкул 23.34) і ў непадпарадкаваньні работнікам міліцыі (23.4). Прысудзілі 14 сутак.

18 кастрычніка ўвечары я паехала на Акрэсьціна сустракаць мужа — яго ня выпусьцілі. Мне патэлефанаваў хлопец, які сядзеў разам зь ім, і сказаў, што на Кірыла завялі крымінальную справу ў частцы 1 артыкула 342 — арганізацыя масавых беспарадкаў. Параіў, каб я шукала адваката», — апавядае Тацяна.

Фота зь сямейнага архіву

Кірыл мае адукацыю трэнэра па барацьбе, але працуе будаўніком. Тацяна кажа, Кірыл ніколі ня быў арганізатарам і завадатарам. 17 кастрычніка Кірыла перавялі з ІЧУ на Акрэсьціна ў СІЗА № 1 на Валадарскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На непаўналетняга менчука завялі крымінальную справу за блякаваньне дарогі

«Мне не патрэбныя праблемныя кватаранты»

22 кастрычніка на здымную кватэру ў Сухараве прыйшлі прадстаўнікі Сьледчага камітэту зь ператрусам. З сабой яны прывялі гаспадыню кватэры. Тая напалохалася і загадала Тацяне зь дзецьмі зьехаць з кватэры да 31 кастрычніка.

«Гаспадыня пытаецца ў мяне, што здарылася. Я расказала, што Кірыла выкралі людзі ў балаклавах, пасадзілі на „суткі“. Яна напалохалася і кажа: „Я ж прасіла вас ні ў якія гісторыі не трапляць, сядзець дома. Да канца месяца вы павінны выселіцца. Мне не патрэбны праблемныя кватаранты“.

Кірыл з сынам

Мы здымаем гэтую кватэру ў Сухараве з 2017 года. Тут яшчэ адна акалічнасьць не на нашу карысьць: мы заключаем зь ёй дамову раз на год. У верасьні дамова скончылася. Гаспадыня прызначала сустрэчу, каб перазаключыць дамову, на 5 кастрычніка. У яе нешта не атрымалася, потым зноў яна не прыехала. І дамовы на гэты момант няма, таму яна і дыктуе нам свае ўмовы і такія сьціслыя тэрміны», — апавядае жанчына.

Што да ператрусу, прадстаўнікі Сьледчага камітэту працавалі вельмі акуратна і ветліва. Паглядзелі сямейны кампутар, на якім дзеці глядзяць мультфільмы. Нічога падазронага ў кампутары не знайшлі. Нічога не забралі. Нават разгубіліся, калі Тацяна ў іх запыталася, навошта яны паведамілі гаспадыні і прывезьлі яе на ператрус.

«Я кажу: вы яе прывезьлі, а ў мяне цяпер праблемы. Навошта? Муж сядзіць, у мяне двое дзетак, сын ходзіць ў дзіцячы садок у гэтым раёне. Куды мне цяпер падзецца? Сьледчы кажа: давайце мы зь ёю пагаворым, яна ж ня мае да вас ніякага дачыненьня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяўчыну, якая 3 гады не была ў Беларусі, абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах у Менску

«Я не прасіла фінансавай дапамогі. Але столькі людзей адгукнулася!»

Лістоў ад мужа Тацяна не атрымлівала. Муж пра гэтую складаную сытуацыю пакуль ня ведае, бо адвакатка сустракалася з Кірылам яшчэ да ператрусу і размовы з гаспадыняй кватэры.

Тацяна і Кірыл

Сама Тацяна ў дэкрэце; і яна, і Кірыл родам ня зь Менску. Іхныя бацькі пэрыядычна прыяжджаюць, дапамагаюць.

23 кастрычніка Тацяна зьмясьціла допіс ў сацыяльных сетках, дзе расказала пра сваю сытуацыю. Цяпер кажа, што і не разьлічвала на такую рэакцыю незнаёмых людзей.

«У мяне спачатку была гістэрыка. Я не прасіла фінансавай дапамогі. Я проста апісала чалавечую сытуацыю: як так можна абыходзіцца зь людзьмі — выкінуць на вуліцу, ведаючы, што муж сядзіць? Столькі людзей адгукнулася, прапаноўвалі дапамогу, варыянты з кватэрамі. Я вельмі ўдзячная людзям, спадзяюся, што на вуліцы не застануся», — кажа Тацяна.