Украінцаў апытваюць наконт пажыцьцёвага зьняволеньня за карупцыю і легалізацыі канабісу

Ва Ўкраіне сёньня, 25 кастрычніка, адбываюцца мясцовыя выбары і ўсенароднае апытаньне, ініцыяванае прэзыдэнтам краіны Ўладзімірам Зяленскім.

Грамадзянам прапануюць адказаць на пяць пытаньняў:

  • Ці падтрымліваеце вы ідэю пажыцьцёвага зьняволеньня за карупцыю ў асабліва буйным памеры?
  • Ці падтрымліваеце вы стварэньне свабоднай эканамічнай зоны на Данбасе?
  • Ці падтрымліваеце вы скарачэньне колькасьці народных дэпутатаў да 300?
  • Ці падтрымліваеце вы легалізацыю канабісу (канопляў) у мэдычных мэтах (для зьмяншэньня болю ў цяжка хворых)?
  • Ці падтрымліваеце вы права Ўкраіны на выкарыстаньне гарантыяў бясьпекі, вызначаных у Будапэшцкім мэмарандуме, для аднаўленьня яе дзяржаўнага сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяць пытаньняў ад прэзыдэнта. Што Зяленскі хоча пачуць ад украінцаў

Раней офіс прэзыдэнта Ўкраіны растлумачыў, што апытаньне не зьяўляецца рэфэрэндумам і ня будзе мець прамых юрыдычных наступстваў.

Цяперашняе галасаваньне лічыцца важным выпрабаваньнем для прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага. Нядаўнія апытаньні грамадзкай думкі паказваюць, што каля 70 адсоткаў украінцаў лічаць, што краіна рухаецца ў няправільным кірунку, асабісты ж рэйтынг адабрэньня Зяленскага ўпаў ніжэй за 50 працэнтаў.