Суд у Гомлі пакараў шматдзетную маці буйным штрафам за ўдзел у пратэстах

Натальля Глазкова

Суд Навабеліцкага раёна пакараў штрафам шматдзетную маці жыхарку Гомля Натальлю Глазкову за ўдзел у акцыях партэсту. Перад гэтым яна адбыла ў ізалятары 4 дні.

З чацьвярга па панядзелак была ў ізалятары часовага ўтрыманьня. У нядзелю Натальля павінна была вызваліцца, але міліцыя склала новы пратакол і яе пакінулі ў ІЧУ.

У Натальлі пяцёра дзяцей, чацьвёра зь іх непаўналетнія. У яе на ўтрыманьні і сястра, інвалід першай групы.

Міліцыя склала на яе два пратаколы – за 27 верасьня і 21 кастрычніка. Паводле вэрсіі міліцыі, 27 верасьня Натальля брала актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. 21 кастрычніка на вуліцы Рэпіна актыўна ўдзельнічала ў несанкцыянаваным пікеце.

«27 верасьня была на мітынгу. Прысутнічала. Удзельнічала. Я кіравалася ў сваіх дзеяньнях Канстытуцыяй. 21 кастрычніка сустрэліся са знаёмымі, сфатаграфаваліся насупраць адміністрацыі Навабеліцкага раёну са сьцягам і разышліся. Сьцяг бел-чырвона-белага колеру не забаронены, і фатаграфавацца зь ім можна», – заявіла на судзе Натальля.

Суд прызнаў яе вінаватай і пакараў штрафам у памеры 25 базавых велічынь, 675 рублёў.