Расея не плянуе перабазоўваць сваю авіяцыю ў Беларусь, — міністэрства абароны Беларусі

Сяргей Шайгу

Расея не плянуе перабазоўваць у Беларусь самалёты, вайскоўцы дзьвюх краін рыхтуюць трэніроўкі сыстэмы супрацьпаветранай абароны (СПА), паведамілі Інтэрфаксу ў прэсавай службе Міністэрства абароны Беларусі.

«Разглядаліся пытаньні аб правядзеньні сумесных трэніровак па СПА. Перабазаваньне самалётаў не разглядалася», — сказаў прадстаўнік міністэрства па выніках пасяджэньня сумеснай калегіі вайсковых ведамстваў Беларусі і Расеі.

Сёньня міністры абароны Беларусі і Расеі Сяргей Шайгу і Віктар Хрэнін правялі ў рэжыме відэаканфэрэнцыі пасяджэньне сумеснай калегіі міністэрстваў дзьвюх краінаў.

Па выніках пасяджэньня падпісалі пастанову аб сумеснай ахове зьнешняй мяжы саюзнай дзяржавы ў паветранай прасторы ў рамках адзінай рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны (СПА).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Расеі заявіў пра ўмяшаньне Захаду ва ўнутраныя справы Беларусі

Сяргей Шайгу на пасяджэньні калегіі заявіў, што становішча на мяжы саюзнай дзяржавы застаецца неспакойным празь дзеяньні NATO.

Віктар Хрэнін сказаў, што ў краінах, якія мяжуюць зь Беларусьсю, расьце колькасьць вучэньняў NATO, павялічваецца прысутнасьць вайскоўцаў ЗША. «За апошнія гады ратацыйная групоўка NATO ў суседніх зь Беларусьсю краінах вырасла больш як у 17 разоў і дасягнула 10 тысяч вайскоўцаў», — сказаў міністар абароны Беларусі.