Яшчэ 15 беларускіх чыноўнікаў, разам з Лукашэнкам, уключылі ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу. СЬПІС 

Ілюстрацыйнае фота

2 кастрычніка Эўразьвяз увёў санкцыі супраць 40 беларускіх чыноўнікаў — кіраўнікоў і старшых афіцэраў МУС, КДБ, чальцоў ЦВК, былога генэральнага пракурора. Сёньня сьпіс быў пашыраны, у яго дадалі яшчэ 15 чыноўнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЭЗ і ЗША ўвялі санкцыі для Беларусі, МЗС анулявала акрэдытацыі ўсіх замежных СМІ. Найважнейшае за 2 кастрычніка

Новыя імёны ў сьпісе:

  • Аляксандар Лукашэнка
  • Віктар Лукашэнка — памочнік прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы
  • Ігар Сергеенка — кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта
  • Іван Тэртэль — старшыня КДБ
  • Раман Мельнік — начальнік Галоўнай управы аховы правапарадку і прафіляктыкі МУС
  • Іван Наскевіч — старшыня Сьледчага камітэту
  • Аляксей Волкаў — былы першы намесьнік старшыні Сьледчага камітэту, цяпер старшыня Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў
  • Сяргей Аземша — намесьнік старшыні Сьледчага камітэту
  • Андрэй Смаль — намесьнік старшыні Сьледчага камітэту
  • Андрэй Паўлючэнка — кіраўнік Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце
  • Ігар Бузоўскі — намесьнік міністра інфармацыі
  • Натальля Эйсмант — прэс-сакратарка прэзыдэнта
  • Сяргей Зубкоў — камандзір групы «Альфа» (спэцназ)
  • Андрэй Раўкоў — былы дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі
  • Пётра Міклашэвіч — старшыня Канстытуцыйнага суду

Прычынамі санкцыяў сталі рэпрэсіі і запалохваньне мірных дэманстрантаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, у прыватнасьці — адвольныя арышты і жорсткае абыходжаньне, у тым ліку катаваньне, а таксама запалохваньне журналістаў і гвалт над імі. Таксама — парушэньні правілаў прэзыдэнцкіх выбараў, невыкананьне асноўных міжнародных стандартаў справядлівасьці і празрыстасьці выбараў, фальсыфікацыя вынікаў выбараў, адхіленьне на ўяўных падставах ад выбарчай кампаніі апазыцыйных кандыдатаў, стварэньне абмежаваньняў для назіральнікаў на выбарчых участках, перадузятае фармаваньне выбарчых камісіяў.