Рэктарат БДМУ абверг інфармацыю пра аднаўленьне на вучобе студэнтаў, якіх адлічылі за ўдзел у акцыях пратэсту

Акцыя салідарнасьці студэнтаў БДМУ. Менск, 29 кастрычніка.

Адміністрацыя Менскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту апублікавала інфармацыю пра наступствы акцый пратэсту студэнтаў ВНУ.

«У адпаведнасьці з устаноўленым заканадаўствам, па выніках аналізу сытуацыі ў дачыненьні да кожнага вінаватага студэнта будуць прынятыя меры дысцыплінарнага ўзьдзеяньня. Рэктарат унівэрсытэту на сёньняшні дзень абвяргае інфармацыю аб аднаўленьні тых студэнтаў, якія груба парушылі адукацыйны працэс».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 300 стаматолягаў падпісалі ліст супраць рэпрэсій у БДМУ

На мінулым тыдні з БДМУ адлічылі 21 студэнта. Пра тое, што на гэтым тыдні большасьць зь іх аднавілі, напісаў Tut.by са спасылкай на ананімных студэнтаў-мэдыкаў.

Дакладнай лічбы, колькі студэнтаў аднавілі, суразмоўцы Tut.by ня ведаюць. Адны кажуць — «больш за 10», іншыя — 17.

«Пра тое, што мяне адлічваюць, я даведалася 28 кастрычніка. Тады ж у выканаўцы абавязкаў дэкана падпісалі загад аб адлічэньні, і з таго часу не хадзіла на пары», — расказала студэнтка лячэбнага факультэту Яна.

«Учора мне патэлефанаваў намесьнік дэкана і папрасіў прыйсьці на размову. Падчас размовы мне сказалі, што мяне аднаўляюць. Дакладней, так: мне паведамілі, што мяне не адлічылі. Наколькі я разумею, пра той загад можна забыцца. Ніякіх копій папер аб адлічэньні нам не выдавалі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі затрымалі 50 мэдыкаў, якія выйшлі на марш пратэсту ў Менску. ФОТА і ВІДЭА