Колькасьць памерлых ад COVID-19 у Эўропе набліжаецца да 300 тысячаў, — Reuters

Ілюстрацыйнае фота

Колькасьць памерлых у выніку заражэньня каранавіруснай інфэкцыяй у Эўропе набліжаецца да 300 тысячаў, паведамляе Reuters. Улады многіх краін асьцерагаюцца, што наступленьне зімы павялічыць сьмяротнасьць і заражэньне.

Паводле ацэнак экспэртаў, у Эўропе, на долю якой прыпадае толькі 10% сусьветнага насельніцтва, прыблізна чвэрць агульнай колькасьці інфікаваных і такая ж доля памерлых ад гэтай хваробы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус у сьвеце: локдаўн у Грэцыі, вынікі масавага тэставаньня ў Славаччыне, COVID-19 ізноў у Белым доме

За мінулы тыдзень штодзённы прырост заражэньня COVID-19 ва ўсіх эўрапейскіх краінах склаў 280 тысячаў чалавек. Гэта на 10% больш, чым тыдзень таму, і на Эўропу прыпадае каля паловы колькасьці новых інфікаваных ва ўсім сьвеце.

У Эўразьвязе самы высокі ўзровень сьмерцяў і інфікаваньня зараз назіраецца ў Францыі (насельніцтва каля 67 мільёнаў чалавек). За дзень там рэгіструецца больш за 48 000 новых выпадкаў. Улады Парыжу заяўляюць, што больш за 90% аддзяленьняў рэанімацыі ўжо выкарыстоўваюцца. З Бэльгіі і Нідэрляндаў, дзе сытуацыя з разьмяшчэньнем цяжка хворых таксама складаная, частку пацыентаў перавозяць у Нямеччыну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Наваполацку людзі з тэмпэратурай стаялі ў чарзе да лекара на вуліцы

Францыя, разам з Гішпаніяй, Італіяй і Расеяй, паведамляюць пра сотні сьмерцяў ад каранавіруснай інфэкцыі кожны дзень. Найбольшая колькасьць сьмяротных выпадкаў у Эўропе прыпадае на Вялікую Брытанію — каля 49 тысячаў з пачатку пандэміі. На гэтыя пяць краінаў прыпадае тры чвэрці ўсіх сьмерцяў у Эўропе.

Агенцтва Reuters адзначае, што пасьля паведамленьняў пра патэнцыйную эфэктыўнасьць вакцыны ад амэрыканскай фармацэўтычнай кампаніі Pfizer надзеі на паляпшэньне сытуацыі ўзрасьлі. Але наўрад ці можна чакаць масавай даступнасьці гэтага новага прэпарату да пачатку 2021 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вакцына кампаніі Pfizer супраць COVID-19 паказала эфэктыўнасьць у 90%, цьвердзяць вытворцы