Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ў нядзелю, праз больш чым тыдзень пасьля таго, як СМІ паведамілі пра перамогу на выбарах 3 лістапада яго суперніка, дэмакрата Джо Байдэна, напісаў у Twitterпра тое, што Байдэн перамог на выбарах, дадаўшы, што сваёй перамогай дэмакрат абавязаны фальсыфікацыям.
«Ён перамог, таму што выбары былі сфальсыфікаваныя» — напісаў Трамп у твітэры.
He won because the Election was Rigged. NO VOTE WATCHERS OR OBSERVERS allowed, vote tabulated by a Radical Left privately owned company, Dominion, with a bad reputation & bum equipment that couldn’t even qualify for Texas (which I won by a lot!), the Fake & Silent Media, & more! https://t.co/Exb3C1mAPg
— Donald J. Trump (@realDonaldTrump) November 15, 2020
Сьцьвярджэньні аб фальсыфікацыі на гэты момант не пацьверджаныя ні судамі, ні незалежнымі расьсьледаваньнямі. Тым ня менш Трамп, абапіраючыся на розныя юрыдычныя падставы, аспрэчвае вынікі галасаваньня ў шэрагу штатаў, дзе ён прайграў зь невялікім адрывам.
Праз прыкладна гадзіну пасьля запісу аб перамозе Байдэна Трамп напісаў іншы твіт: «Ён перамог толькі ў вачах фальшывых СМІ. Я не прызнаў паразы».
He only won in the eyes of the FAKE NEWS MEDIA. I concede NOTHING! We have a long way to go. This was a RIGGED ELECTION!
— Donald J. Trump (@realDonaldTrump) November 15, 2020
Яшчэ ў адным твіце прэзыдэнт выказаў упэўненасьць у перамозе і зноў паўтарыў сьцьвярджэньне, што выбары былі несумленнымі.
RIGGED ELECTION. WE WILL WIN!
— Donald J. Trump (@realDonaldTrump) November 15, 2020
Афіцыйна абраньне Байдэна прэзыдэнтам яшчэ не пацьверджана, бо калегія выбарнікаў прагаласуе толькі ў сьнежні. Аднак правілам ў амэрыканскай палітыцы зьяўляецца тое, што кандыдат, які, паводле папярэдніх вынікаў, прайграў, прызнае сваё паражэньне. Трамп гэтага не зрабіў.
Згодна з папярэднім вынікам выбараў, Байдэн набірае 306 галасоў выбарнікаў, Трамп — 232. Для таго, каб прэтэндаваць на перамогу, Трампу неабходна празь пералік галасоў ці праз суд зьмяніць вынікі галасаваньня ня менш як у трох з «тых штатаў, што вагаюцца», што, на думку аналітыкаў, малаімаверна.
Напярэдадні ў Вашынгтоне дзясяткі тысяч прыхільнікаў прэзыдэнта выйшлі на вуліцы, пратэстуючы супраць афіцыйных вынікаў галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах. Адбыліся сутычкі з іх апанэнтамі, паліцыя затрымала каля 20 чалавек.