Кіраўнік Фэдэрацыі хакею Беларусі Дзьмітры Баскаў занесены ў сьпіс неўязных у Латвію разам зь вядомым кікбаксэрам Дзьмітрыем Шакутам. Такое рашэньне прыняў міністар замежных спраў краіны Эдгарс Рынкевічс.
«На падставе пункту 2 артыкула 61 Закону аб іміграцыі я прыняў рашэньне аб уключэньні двух грамадзян Беларусі ў сьпіс асобаў, непажаданых для Латвійскай Рэспублікі, устанавіўшы забарону на ўезд у Латвію на нявызначаны тэрмін. Цытата з клясыка: „Такі хакей нам не патрэбны!“. Разам зь Літвой і Эстоніяй мы хутка пашырым „чорныя сьпісы“, уключыўшы ў іх тых, хто працягвае жорстка душыць мірныя пратэсты ў Беларусі», — напісаў кіраўнік латвійскага МЗС у твітэры.
Pamatojoties uz Imigrācijas likuma 61.panta 2.daļu, esmu pieņēmis lēmumu par divu Baltkrievijas pilsoņu iekļaušanu Latvijas Republikai nevēlamo personu sarakstā, nosakot liegumu ieceļot Latvijā uz nenoteiktu laiku. Citējot klasiķi: “Tādu hokeju mums nevajag!” pic.twitter.com/gxsq1XtkLr
— Edgars Rinkēvičs (@edgarsrinkevics) November 16, 2020
Людзей, падобных да Баскава і Шакуты, бачылі пры зьбіваньні і затрыманьні 31-гадовага жыхара «двара Перамен» Рамана Бандарэнкі, які памёр пасьля гэтага.