Фатографу «Нашай Нівы» Шуры Піліповіч-Сушчыц завочна прысудзілі 7 дзён арышту

Шура Піліповіч-Сушчыц

Судзьдзя Першамайскага суду Менску Анастасія Ляйкоўская прысудзіла 7 дзён арышту фатографцы «Нашай Нівы» Шуры Піліповіч-Сушчыц. Суд праходзіў завочна, журналістку нават не паклікалі на паседжаньне, паведаміла «Наша Ніва».

20-гадовую Шуру Піліповіч-Сушчыц затрымалі апоўдні 15 лістапада на Пушкінскай. На відэа відаць, як сілавік вядзе яе міма заезду ў «Макдональдс». У яе руках сумка, фотаапарат, на поясе вялізны бэдж журналіста.

Тым ня менш фатографку адвезьлі ў Першамайскае РУУС, дзе склалі пратакол за ўдзел у «несанкцыянаванай акцыі». А 5:30 яе адпусьцілі, забраўшы тэхніку. Уручылі позву на 19 лістапада ў Першамайскі суд.

Але калі 18 лістапада адвакат пазваніў у суд, выявілася, што Шуру ўжо пасьпелі асудзіць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналістку Юлію Коцкую асудзілі на 8 сутак за нібыта ўдзел у акцыі. Сьведка-міліцыянт не назваў ніякіх дэталяў затрыманьня

Згодна з рапартам міліцыянта А. П. Сяляўкі, фатографка ішла разам з удзельнікамі вулічнага шэсьця, якія трымалі ў руках бел-чырвона-белыя сьцягі і выкрыквалі лёзунгі «Жыве Беларусь». Судзьдзя Анастасія Ляйкоўская прызнала Піліповіч-Сушчыц вінаватай і прысудзіла 7 содняў.

Паколькі прысуд вынесены завочна, яе не арыштавалі. Шура Піліповіч-Сушчыц абскарджвае незаконны прысуд — яе не апавясьцілі належным чынам пра дату суду.

Шура Піліповіч-Сушчыц — выпускніца Ліцэю БДУ. Яна атрымала 100 балаў на цэнтралізаваным тэставаньні ў беларускай мове. Сёлета Шура стала фатографкай «Нашай Нівы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты