Кітай запускае касьмічны апарат на Месяц

Кітайскі месяцаход «Юйту-2», пасаджаны на Месяц апаратам «Чан’э-4» два гады таму.

Кітай у аўторак плянуе запусьціць на Месяц зонд «Чан’э-5» і стаць трэцяй краінай пасьля ЗША і СССР, якая змагла даставіць на Зямлю ўзоры месяцавага грунту, паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на Цэнтральнае тэлебачаньне Кітаю.

Запуск пройдзе раніцай 24 лістапада (позна ўвечары 23 лістапада паводле менскага часу) з касмадрому Вэньчан у правінцыі Хайнань.

Плянуюць, што касьмічны апарат даставіць да двух кіляграмаў месяцовага грунту і пародаў. Большасьць узораў пойдуць у нацыянальную астранамічную абсэрваторыю.

Цяпер на Зямлі ёсьць узоры зь Месяца, якія сабралі місіі ЗША і СССР у 70-я гады, а таксама пароды, якія трапілі на Зямлю натуральным чынам — месяцовыя мэтэарыты. Калі кітайская місія пройдзе ўдала, КНР стане трэцяй краінай, якая даставіла на Зямлю месяцовы грунт і камяні.

Кітайскую місію па месяцовыя ўзоры плянавалі яшчэ ў 2017 годзе, але адклалі з прычыны адмовы рухавіка. Як піша часопіс Nature, зонд будзе зьбіраць пыл і абломкі на раней не дасьледаваным баку Месяца. Місія будзе доўжыцца адзін месяцовы дзень, або 14 зямных, каб унікнуць экстрэмальных начных тэмпэратураў. Можа пашкодзіцца электроніка.