Джо Байдэн падкрэсьліў важнасьць супрацоўніцтва ЗША і Эўропы ў справе Беларусі

Джо Бйдэн

Выбраны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн і старшыня Эўракамісіі Ўрсуля фон дэр Ляен правялі тэлефонную размову.

У прэс-рэлізе штабу Байдэна гаворыцца:

«Абраны прэзыдэнт пагутарыў з прэзыдэнтам Эўрапейскай камісіі Урсуляй фон дэр Ляен і падзякаваў ёй за віншаваньні.

Абраны прэзыдэнт выказаў упэўненасьць у тым, што моцны Эўрапейскі зьвяз адпавядае інтарэсам Злучаных Штатаў, і падкрэсьліў сваю прыхільнасьць да паглыбленьня і ажыўленьня адносінаў паміж ЗША і ЭЗ.

Ён таксама выказаў надзею на тое, што Злучаныя Штаты і Эўрапейскі зьвяз змогуць працаваць, каб выкарыстоўваць свае агульныя каштоўнасьці і найбуйнейшыя ў сьвеце гандлёвыя і інвэстыцыйныя адносіны для супрацоўніцтва ў вырашэньні агульных праблем, уключаючы стрымліваньне COVID-19 і забесьпячэньне глябальнай бясьпекі ў галіне аховы здароўя, ліквідацыі пагрозы кліматычны зьменаў і ўмацаваньня дэмакратыі.

Абраны прэзыдэнт таксама падкрэсьліў важнасьць супрацоўніцтва ЗША і ЭЗ у пытаньнях, якія ўяўляюць узаемны інтарэс, уключаючы Іран, Беларусь, Украіну і Заходнія Балканы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кандыдат у прэзыдэнты ЗША Джо Байдэн выступіў з рэзкай крытыкай Лукашэнкі

Падчас сваёй выбарчай кампаніі Джо Байдэн ня раз згадваў пра сытуацыю ў Беларусі і заклікаў да санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што Байдэн гаварыў пра Беларусь, Лукашэнку і Ціханоўскую