Затрымалі былога сьледчага Яўгена Юшкевіча, які дапамагаў працаўладкавацца звольненым сілавікам

Турма на Акрэсьціна ў Менску.

Пра затрыманьне піша блогер Антон Матолька. Вядома, што Яўген Юшкевіч знаходзіцца ў турме на Акрэсьціна.

Ён сышоў з праваахоўных органаў некалькі гадоў таму, а апошнім часам актыўна кансультаваў сілавікоў, якія хацелі звольніцца.

Ён таксама актыўна вёў твітэр, дзе публікаваў інфармацыю з МУС і СК, цяпер ягоны акаўнт недасяжны.

Яўген Юшкевіч Магілёву, скончыў юрфак БДУ, два гады працаваў пазаштатным супрацоўнікам у сьледзтве менскай пракуратуры, потым яшчэ пяць — сьледчым і старшым сьледчым аддзелу расьсьледаваньня эканамічных злачынстваў упраўленьня СК па Менску. Стаў мабільным распрацоўнікам у кампаніі-рэзыдэнце ПВТ.

Разам з аднадумцамі ў разгар акцый салідарнасьці ён задумаў і запусьціў праект bychange.me – дапамога ў працаўладкаваньні для тых, хто больш ня хоча выконваць загадаў, якія не адпавядаюць асабістым перакананьням.

Інтэрвію зь Юшкевічам можна пачытаць на сайце Kyky.org.