«Яшчэ стаяць ліпы на беразе Дняпра, пад якімі выпівалі Караткевіч з Барадуліным»

Вуліца Караткевіча, 10, дом сям’і Караткевічаў у Воршы.

26 лістапада — 90-годзьдзе Ўладзімера Караткевіча. Пісьменьніца Паліна Качаткова (Сьцепаненка) расказвае пра свайго знакамітага земляка Ўладзімера Караткевіча і мясьціны Воршы, апетыя клясыкам у ягоных творах.

— Спадарыня Паліна, калі і ад каго вы ўпершыню пачулі імя свайго знакамітага земляка?

— Ворша — месца апошняй працы майго дзеда, таму там быў пабудаваны дом на беразе Дняпра. У Воршы я нарадзілася, а жыла з бацькамі ў дзяцінстве ў іншых гарадах — Магілёве і Гомлі, пасьля ў Менску. У Воршу прыяжджала на канікулы да бабулі зь дзядулем. А пра Ўладзімера Караткевіча даведалася ў Гомлі, калі моцна захварэла на грып і мама мне чытала ўголас «Дзікае паляваньне караля Стаха». Я вельмі заглыбілася ў твор, але ня ведала тады, што аўтар мае дачыненьне да Воршы, тым больш да той самай вуліцы, дзе стаіць наш аршанскі дом.

У дзяцінстве мне здавалася, што пісьменьнікі наогул не прывязаныя да нейкага пункту на мапе, што яны жывуць у іншым сьвеце, які паралельны нашаму сьвету і не перакрыжоўваецца зь ім. І цяпер упэўненая — творчасьць першасная, а ўсе бытавыя акалічнасьці… Іх, можа, нават і ня варта ведаць.

Творы Ўладзімера Караткевіча магічныя, жывыя, абуджаюць зрок, слых, дотык, нюх, смак. Калі чытаеш Караткевіча, адчуваеш водар, цяпло і холад, дотык і подых ветру, чуеш гукі. Скажу як музэйніца ў мінулым (а музэйнікам часта ў рукі трапляюць вельмі прыватныя рэчы і запісы): надзвычай важна знайсьці тую мяжу ці памежжа нават, дзе рэальны сьвет набліжаецца да рэальнасьці твору — на гэтым памежжы могуць адбывацца сапраўдныя цуды і наплываць незвычайныя пачуцьці. І вуліца Караткевіча ў Воршы — якраз такое месца, дзе злучаецца прыдуманае і рэальнае.

— Славуты пісьменьнік даволі часта прыяжджаў на радзіму. Ці бачылі вы яго? Вы ж жылі за пару дамоў на вуліцы Касманаўтаў, якая цяпер носіць ягонае імя.

— Там рэльеф не спрыяе таму, каб успрымаць дом як суседзкі. Дом Караткевіча на гары, а наш — на самым беразе Дняпра. Падзяляе дамы той самы «стромы адхон», пра які ня раз пісаў Уладзімер Караткевіч: «З адхону на дняпроўскі лёд, потым на стромы адхон процілеглага берагу. Празь дзесяць хвілін ужо ня хочацца спаць, зьнікае некуды сьвінцовы цяжар стомы». («Леаніды ня вернуцца да Зямлі»/«Нельга забыць», 1962).

30 сьнежня 1961 году Ўладзімер Караткевіч піша верш «Вуліца Касманаўтаў»:

Вуліца Касманаўтаў зьбягае ў лагчыну з гары.
Вытокі яе — у горадзе, вусьце яе — у Дняпры.

Дык калі арыентавацца на гэты верш, дом Караткевіча роўна пасярэдзіне паміж вытокамі і вусьцем, а наш — у самым вусьці. У мяне ёсьць цьмяны ўспамін пра чалавека, які сядзіць на лаўцы каля дому па Касманаўтаў, 10. Гэта мог быць 1983 год, калі Караткевіч пражыў у Воршы паўгода пасьля сьмерці жонкі. Мая цётка, якая ўвесь час жыла ў Воршы, згадвае, што Караткевіч загаварыў зь ёй каля калёнкі, яна была з Каштанкай — сабачкам, якога пакінулі з праежджага цырку. Караткевічу спадабалася Каштанка. У 1983 годзе я ўжо прачытала і «Дзікае паляваньне караля Стаха», і «Чорны замак Альшанскі», і «Нельга забыць» — пра каханьне, якое ня ўсім у сьвеце дадзенае (як і сяброўства з «Чорнага замка»). Але ўявіць, што з аўтарам можна нейкім чынам кантактаваць, было па-за межамі маёй фантазіі. Кнігі — іншы сьвет.

«Стромы адхон да Дняпра» — вуліца Караткевіча ў Воршы.

Пра сьмерць Караткевіча мне сказала па тэлефоне маці, якая была на практыцы са студэнтамі Гомельскага ўнівэрсытэту ў Менску, яна хадзіла на пахаваньне. На пахаваньні Ўладзімера Караткевіча ў Доме літаратара мая мама стаяла побач зь Зянонам Пазьняком, які сказаў, што Караткевіч шкодзіў сам сабе алькаголем.

Пасьля тэлефоннага званка ад мамы я пайшла на Дняпро, села на закінутую баржу, думала пра тое, што пісаў Караткевіч, што ўсё гэтае застаецца, але што цяпер застаецца толькі прыдуманы сьвет.

— А што вы чулі ў дзяцінстве і юнацтве пра Ўладзімера Караткевіча ад ягоных аршанскіх знаёмых?

— Пра суседзяў наогул нічога ня чула. Ні пра якіх. У нас самы блізкі дом — дом бацькоў графіка Вікенція Ральцэвіча. Там я была ў самім доме — у гасьцях. А так… ня ведаю. Не было традыцыі абмеркаваньня суседзяў.

У старэйшых клясах я пачала фатаграфаваць мясьціны аршанскія і спрабаваць суаднесьці іх зь мясьцінамі, апісанымі ў рамане «Нельга забыць» («Леаніды ня вернуцца да зямлі»), вершамі. Фатаграфавала вуліцы і дрэвы. Зрабіла альбомчык з фотамі і цытатамі. На жаль, цяпер фатаздымкі ў кепскай якасьці. Пры гэтым па-ранейшаму не спрабавала суаднесьці ўсё з побытам і запытвацца як пра суседа. Цяпер на вуліцы засталося два чалавекі, якія памятаюць Караткевіча. Успаміны аднаго зь іх я запісала — пра чорны «Опэль» і дзяцей. Успамін больш падобны да легенды. Спадзяюся, што запішу і другога.

30 лістапада 2019 году падчас першага Вандроўнага фэсту Ўладзімера Караткевіча на панадворку дома Караткевіча каля пуні, дзе ў 1950 годзе быў напісаны першы варыянт аповесьці «Дзікае паляваньне караля Стаха». Уладзімер Арлоў, Юры Нагорны, Алена Анісім.

— Свае першыя вершы Ўладзімер Караткевіч надрукаваў у аршанскай газэце ў 1951-м, а ў 1957-м там жа зьявіўся разгромны артыкул пра творы земляка. Яго зьвінавацілі ў безыдэйнасьці і іншых падобных грахах. Што вы ведаеце пра тое цкаваньне? Ці пакаяліся аўтары і публікатары тых пасквіляў?

— Пасквілі пісаліся ня толькі ў Воршы. Ня думаю, каб нехта каяўся. Ці наогул ёсьць прыклады літаратурнага пакаяньня ў беларускай літаратуры?

— Як вядома, няма прарока ў сваёй айчыне. Сёньня, калі спытаць на вуліцы шараговага аршанца пра Ўладзімера Караткевіча, што найчасьцей можна пачуць?

— Само па сабе паняцьце «шараговы аршанец» прымушае задумацца. Гэта хто? У Воршы жывуць людзі з розным досьведам і адукацыяй. Таму і варыянты могуць быць розныя — ад вельмі дакладнага і да поўнага няведаньня. Але адназначна магу сказаць, што калі замаўляеш што-небудзь па дастаўцы, то даводзіцца тлумачыць, дзе вуліца Караткевіча. Прыкладна так: «ад раддома ўніз да спасалкі». Раддом і станцыя Асвод — галоўныя арыенціры на вуліцы. На ёй засталося вельмі мала жывых дамоў. Нядаўна пачула: «Караткевіча? Дык там усе дамы зьнесьлі».

Мурал у працэсе маляваньня на рагу вуліц Караткевіча і Марата ў Воршы. Аўтар выявы – аршанскі мастак Дзьмітры Талкачоў. У эскізе выкарыстаныя малюнкі Караткевіча і фрагмэнты яго рукапісаў. Мурал зьявіцца з ініцыятывы мэцэната Андрэя Балабіна.

— Ёсьць меркаваньне, што калі б у Воршы за яе амаль тысячагадовую гісторыю нічога больш не адбылося, апроч нараджэньня Ўладзімера Караткевіча, то аднаго гэта факту хапіла б дзеля незгасальнай славы гораду. Як землякі пісьменьніка выкарыстоўваюць і ці выкарыстоўваць увогуле гэты шчасьлівы білет лёсу?

— Вельмі хацелася б, каб гэты білет выкарыстоўваўся часьцей і эфэктыўней. Тым больш што гісторыя Воршы з таямніцамі, як і творчасьць Караткевіча. Уяўляюцца вельмі цікавыя экскурсіі па мясьцінах з твораў Караткевіча з наведваньнем поля Аршанскай бітвы.

— У 107-м нумары часопіса «Дзеяслоў» надрукаванае ваша апавяданьне «Ворша. Вуліца Караткевіча». Яго можна ўспрымаць як дакладны турыстычны даведнік па вуліцы пісьменьніка. Але, зразумела, адной вуліцай, хоць і самай важнай, мясьціны Караткевіча ў Воршы не абмяжоўваюцца. Раскажыце, калі ласка, пра тыя, куды звычайна не зазіраюць ні прыхільнікі творчасьці клясыка, ні нават яе дасьледнікі.

— Гэта не апавяданьне (у часопісе наблыталі з жанравым вызначэньнем), гэта эсэ з элемэнтамі вуснай гісторыі. Я запісала ўспаміны сваёй маці і цёткі пра вуліцу, пра тое, што было на ёй і чаго ўжо няма. На сёньня самы таямнічы і мала дасьледаваны аб’ект — дом па вуліцы Караткевіча, 10. Там можа быць шмат сюрпрызаў. Мы запісвалі там экскурсію (якая будзе ў інтэрнэце), паказалі мне там шмат газэт і часопісаў, якія зьнялі з гарышча — гэта «ЛіМ» 50-х гадоў, які яўна выпісваў Караткевіч. Там варта яшчэ шукаць і перабіраць кожны аркушык у пошуках аўтографаў. Паказалі мне таксама глыбокі пограб у доме — туды мала хто зазіраў.

Газэты, знойдзеныя ў 2020 годзе на гарышчы дома Караткевіча ў Воршы.

Гмахі былога аршанскага піўзавода каля дома Караткевіча вельмі цікавыя. Піўзавод быў адным з найстарэйшых у Беларусі, заснаваны як «Сындыкат піваварных заводчыкаў Паўночна-Заходняга краю» ў 1883 годзе. Да 1919 году, калі было прынятае рашэньне нацыяналізаваць завод, ён належаў сям’і Вайнбэрг.

У вершы Ўладзімера Караткевіча «Вуліца Касманаўтаў» чытаем:

Пасталі дамы ў пажары каралавых арабін —
Шаснаццаць аднапавярховых і двухпавярховы адзін.
А поруч зь імі ўзносяцца над стромай садоў залатых
Велічны гмах піўзавода і дом Грамады глухіх.

Колькасьць дамоў падае дакладна: «Шаснаццаць аднапавярховых і двухпавярховы адзін». Пра двухпавярховы доўга думала, што ж гэта такое, і зразумела, што гэта кантора піўзавода, дзе сядзела дырэкцыя, а цяпер вісіць гарэльеф.

Цяпер на верхняй частцы вуліцы Караткевіча ў Воршы захаваліся толькі тры старыя прыватныя дамы — № 10 (дом Караткевіча), № 8 і № 6 (дом, у якім ніхто не жыве). На схіле да Дняпра — чатыры прыватныя дамы.

— Кажуць, у Воршы ёсьць дакладнае месца, дзе выпіваў Уладзімер Караткевіч з Рыгорам Барадуліным, калі той прыяжджаў на гасьціны да сябра. Падзяліцеся таямніцай. Мо хто гэты факт ужо скарыстаў ці мае на мэце скарыстаць у культурна-камэрцыйных мэтах?

— Гэта дакладнае месца пад ліпамі на беразе Дняпра, напрыканцы вуліцы Караткевіча. Там сябры выпівалі, разглядалі купальшчыц на беразе. Цяпер там ня вып’еш, месца прызнанае грамадзкім — «Пляж на вуліцы Караткевіча» — і ходзяць па ім міліцэйскія патрулі, асабліва часта летам і ў выходныя. І ратавальнікі са станцыі ў бінокль глядзяць, сочаць, каб не панапіваліся і не палезьлі ў ваду. Але пры моцным жаданьні адчуць сябе на месцы клясыкаў можна паспрабаваць, падрыхтаваўшы адразу грошы на штраф.

Паліна Качаткова (Сьцепаненка)

— А дзе і як вы асабіста будзеце адзначаць 90-годзьдзе знакамітага земляка?

— Плянаваліся імпрэзы ў межах Вандроўнага фэсту Караткевіча. Я меркавала, што буду весьці экскурсію па Воршы для яго ўдзельнікаў — сяброў ПЭН-цэнтру. Але ў сувязі пандэміяй усё будзе онлайн. Думаю, каб годна адзначыць гэтую дату, трэба наведаць нейкую гістарычную мясьціну, дзе ніколі не была раней. Магчыма, гэта будзе Фашчаўка — з таямнічай постацьцю рыцара, якога называюць Фашчаўскі ці Шклоўскі ёлупень. Я там не была ніколі. Такая ў мяне ідэя — адзначыць 90-годзьдзе Майстра гістарычнай прозы наведваньнем нябачанай раней мясьціны беларускай гісторыі.