У Горадні затрымалі людзей на раённых пратэставых акцыях

Людзі гуляюць у цэнтры Горадні

Гарадзенцы зьбіраліся невялікімі групамі па мікрараёнах у нядзелю 29 лістапада. Іх затрымлівалі.

У пратэставых тэлеграм-каналах Горадні абвясьцілі зборы ў двух раёнах — Ленінскім і Кастрычніцкім.

У мікрараёне Вішнявец, што ў Кастрычніцкім раёне, сабралася каля 20 чалавек. Яны прайшлі калёнай ад крамы «Флямінга» да крамы «Сэрпантын». Калі яны проста стаялі без сымболікі і лёзунгаў, пад’ехалі тры мікрааўтобусы зь людзьмі ў масках. Амаль усіх дэманстрантаў затрымалі. Іх даганялі ў дварах. Адной дзяўчыне было цяжка ісьці, але і яе завялі ў мікрааўтобус.

Потым пад’ехаў аўтазак, людзей перавялі туды. На месцы працавала кіраўніцтва горадзенскай міліцыі — Віктар Краўцэвіч і Віталь Стасюкевіч, а таксама «людзі ў цывільным».

У Ленінскім раёне таксама гулялі пратэстоўцы — на коле Фартоў каля крамы «Санта». Да іх таксама падʼехалі міліцэйскія мікрааўтобусы. Пра затрыманьні дакладна не вядома. Гарадзенцы ладзілі і ў іншых мікрараёнах гораду невялікія акцыі са сьцягамі і хутка разыходзіліся.

У цэнтры гораду пасьля 14-й гадзіны гуляла шмат людзей. Час ад часу гукалі «Жыве Беларусь». Цэнтар патрулявала міліцыя і «людзі ў цывільным». Хадзіў у цывільным і начальнік Ленінскага РАУС Алег Карпушкін.

Некалькі пэнсіянэрак гулялі з БЧБ-парасонамі і ў такіх жа масках. Прынамсі адну зь іх затрымалі.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.