Fars: Іранскага фізыка забілі зброяй з дыстанцыйным кіраваньнем

Iранскі навуковец-ядзернік Махсэн Фахрызадэ

Іранскае агенцтва Fars апублікавала новыя вынікі расьсьледаваньня абставінаў, пры якіх быў забіты «бацька іранскай ядзернай бомбы» Махсэн Фахрызадэ. Агенцтва сьцьвярджае, што яго расстралялі з аўтаматычнай зброі з дыстанцыйным кіраваньнем.

Згодна з новай вэрсіяй, аўтамабіль Махсэна Фахрызадэ заехаў у Абсард (прадмесьце Тэгерану) у суправаджэньні дзьвюх машын аховы. Першы з аўтамабіляў выехаў наперад, правяраючы бясьпеку дарогі. Калі першы аўтамабіль быў за некалькі кілямэтраў ад машыны фізыка-ядзерніка, па картэжы быў адкрыты агонь з кулямёта з дыстанцыйным кіраваньнем. Кулямёт стаяў у кодабе прыпаркаванага на ўзбочыне мінівэна Nissan.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Іране забілі вядучага навукоўца-ядзершчыка

Махсэн Фахрызадэ, пачуўшы ўдары куляў аб кодаб свайго аўтамабіля, не зразумеў, што адбылося. Ён вырашыў, што пабочны гук быў ад сутыкненьня зь перашкодай або няспраўнасьці рухавіка, выйшаў з машыны праверыць і апынуўся пад градам куляў. У гэты момант ахоўнік з другога аўтамабіля разьвярнуў яго, каб перагарадзіць доступ да машыны вучонага, і амаль адразу ж быў забіты. Празь некалькі імгненьняў аўтамабіль Nissan выбухнуў. Выбух быў настолькі моцны, што прычыніў шкоду дрэвам і аўтамабілям у радыюсе 500 мэтраў. Пасьля нападу Фахрызадэ даставілі ў шпіталь, дзе ён неўзабаве памёр.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кім быў забіты ЗША іранскі генэрал і чаму яго сьмерць зьменіць сытуацыю на Блізкім Усходзе

Агенцтва піша, што інцыдэнт працягваўся каля трох хвілін. Нападнікам не давялося ўцякаць зь месца здарэньня, бо іх там не было, а ўся апэрацыя праводзілася дыстанцыйна. Уладальнік мінівэна пакінуў Іран яшчэ 29 кастрычніка.

Аўтамабіль, у якім ехаў Фахрызадэ