Трамп зноў заявіў пра непрызнаньне перамогі Байдэна

Дональд Трамп на мітынгу рэспубліканцаў у Джорджыі, 5 сьнежня 2020 г.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп на мітынгу ў штаце Джорджыя 5 сьнежня зноў сказаў, што ён упэўнены ў канчатковым посьпеху сваёй барацьбы за зьмену вынікаў выбараў. Удзельнікі мітынгу горача падтрымалі прэзыдэнта.

Трамп выступіў на мітынгу ў падтрымку двух сэнатараў-рэспубліканцаў, якія вядуць кампанію перад другім турам выбараў у Сэнат, прызначаным на 5 студзеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства юстыцыі ЗША не знайшло доказаў парушэньняў на выбарах

У Джорджыі, паводле афіцыйных вынікаў, Трамп атрымаў на 12 тысяч галасоў менш, чым Джо Байдэн. Трамп аспрэчвае гэты вынік, сьцьвярджаючы, што да яго прывялі фальсыфікацыі. Пры гэтым як афіцыйныя асобы ў Джорджыі — галоўным чынам рэспубліканцы — так і суды адхіляюць аргумэнты Трампа і яго юрыстаў.

Раней Трамп напісаў у Твітэры, што губэрнатар-рэспубліканец дазволіў «фальсыфікаваць выбары ў Джорджыі», аднак кіраўнікі штату працягваюць сьцьвярджаць, што галасаваньне прайшло сумленна. Падобная карціна і ў іншых штатах, перамогу Байдэна ў якіх аспрэчвае Трамп.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп пацьвердзіў гатоўнасьць пакінуць Белы дом у выпадку паразы

Некаторыя прыхільнікі рэспубліканцаў баяцца, што ўпартае нежаданьне прэзыдэнта прызнаць паразу можа пашкодзіць кандыдатам ад партыі на выбарах у Сэнат.

Ад выніку выбараў у Джорджыі залежыць, хто будзе кантраляваць Сэнат. Цяпер у Сэнаце 50 месцаў у рэспубліканцаў, 48 — у дэмакратаў. Калі ў Джорджыі пераможа хоць бы адзін рэспубліканец, то кантроль над Сэнатам застанецца ў іх руках, і гэта можа сур’ёзна ўскладніць выкананьне перадвыбарных абяцаньняў Байдэна. Калі ж перамогуць абодва дэмакраты, то вырашальны 101-ы голас будзе ў будучай віцэ-прэзыдэнткі Камалы Гарыс, то бок у дэмакратаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША пачынаецца працэс перадачы ўлады ад Дональда Трампа Джозэфу Байдэну