Заходнія дыпляматы сустрэліся зь міністрам Макеем

Заходнія дыпляматы на акцыі супраць гвалту ў Менску, 2 кастрычніка 2020 г.

Сёньня кіраўнікі місіяў Эўразьвязу і дзяржаваў-удзельніц ЭЗ, прадстаўленых у Менску, а таксама Вялікай Брытаніі, Швайцарыі і Злучаных Штатаў Амэрыкі, сустрэліся зь міністрам замежных справаў Беларусі Ўладзімерам Макеем.

Дыпляматы пацікавіліся, што плянуюць улады Беларусі для выкананьня патрабаваньняў Канстытуцыі і міжнародных абавязаньняў у галіне правоў, свабодаў і вяршэнства закону.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судовы канвэер у ізалятарах і турмах: 5 хвілін на справу, ціск, пагрозы, катаваньні

Паводле дыпляматаў, найперш ідзецца пра тое, каб:

  • спыніць затрыманьні мірных дэманстрантаў, гвалт і бесчалавечнае абыходжаньне;
  • вызваліць усіх палітвязьняў і несправядліва затрыманых;
  • прыцягнуць да адказнасьці асобаў, якія санкцыянавалі і ўчынялі акты гвалту і бесчалавечнага абыходжаньня, што мела вынікам цялесныя пашкоджаньні, траўмы, гібель людзей і агульны стан беззаконьня;
  • правесьці свабодныя і сумленныя выбары пад незалежным назіраньнем.

Дыпляматы таксама паінфармавалі аб магчымых кірунках, па якіх маглі б разьвівацца адпаведныя двухбаковыя дачыненьні, калі б улады Беларусі зрабілі рэальныя і істотныя крокі для аднаўленьня законнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЭЗ зацьвердзілі «эўрапейскі акт Магніцкага» — рэжым санкцый за парушэньні правоў чалавека ў сьвеце

Кіраўнікі місіяў заклікалі ўлады Беларусі ўстрымацца ад дзеяньняў, якія перашкаджаюць дыпляматычнай супольнасьці ў Беларусі выконваць свае стандартныя дыпляматычныя абавязкі ў атмасфэры, свабоднай ад умяшаньня і запалохваньня. Яны таксама чакаюць, што беларускі бок пагодзіцца на вяртаньне ў Беларусь літоўскага і польскага паслоў і іх дыпляматычнага пэрсаналу да канца году.

Дыпляматы зноў заявілі, што іхныя ўрады гатовыя падтрымаць нацыянальны дыялёг у Беларусі і садзейнічаць яго разьвіцьцю, каб забясьпечыць сувэрэнітэт і незалежнасьць, а таксама бясьпечную, дэмакратычную і квітучую будучыню Беларусі.