«У мяне вісеў сьцяг. Каб было відаць, за каго я галасавала». 87-гадовую Лізавету Бурсаву асудзілі за сьцяг на бальконе

Лізавета Бурсава ў судзе

Рашэньне вынес судзьдзя Кастрычніцкага раёну Рудэнка 15 сьнежня.

Лізавету Бурсаву прызналі вінаватай у «правядзеньні масавага мерапрыемства шляхам вывешваньня на бальконе сьцяга бела-чырвона-белай расфарбоўкі». Яна атрымала штраф 15 базавых велічыняў (405 рублёў).

На пачатку працэсу судьдзя Рудэнка запытаў у Лізаветы Бурсавай, ці жадае яна даць нейкія тлумачэньні.

«Так, у мяне вісеў сьцяг. Каб было відаць, за каго я галасавала, — сказала Лізавета Бурсава. — Пад гэтым сьцягам дзейны прэзыдэнт даваў прысягу. Я зьдзівілася, калі яго забаранілі».

Лізавета Бурсава ў судзе, з сынамі і ўнучкай

На дадатковае пытаньне судзьдзі, ці жадае яна нешта дадаць у сваю абарону, спадарыня Лізавета адказала, што «ня бачыць у гэтым сэнсу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дажыла да яшчэ аднаго фашызму». Гутарка з 87-гадовай Лізаветай Бурсавай, якую будуць судзіць за бел-чырвона-белы сьцяг

На працэс прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. Спадарыня Лізавета сказала, што апошні раз столькі ўвагі да сябе адчувала ў 50-х гадах мінулага стагодзьдзя, калі перамагала ў спаборніцтвах па стральбе і станавілася рэкардсмэнкай СССР. У судзе Лізавета Бурсава была ўпершыню.

Лізавета Бурсава пасьля прысуду