Эўрапейскія экспэрты ў ядзернай бясьпецы адмянілі візыт на Беларускую АЭС

Беларуская АЭС, Астравецкі раён.

Візыт экспэртаў Эўрапейскай групы рэгулятараў ядзернай бясьпекі (ENSREG) на Беларускую АЭС адклалі на няпэўны тэрмін.

«Візыту на гэтым тыднi не адбудзецца», — паведаміў «Інтэрфакс-Захад» са спасылкай на Дзяржатамнагляд МНС Беларусі.

Плянавалася, што госьці будуць інспэктаваць АЭС у Астраўцы 16–18 сьнежня. Зрэшты, афіцыйнага апавяшчэньня пра адмену візыту беларускаму боку яшчэ не даслалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля шэрагу інцыдэнтаў эўрапейскія экспэрты наведаюць Беларускую АЭС

У Дзяржатамнаглядзе пацьвердзілі «прыхільнасьць абавязаньням па выніках стрэс-тэстаў Беларускай АЭС».

Экспэрты Эўрапейскай камісіі і Эўрапейскай групы органаў у рэгуляваньні галіны ядзернай бясьпекі (ENSREG) плянавалі з 16 па 18 сьнежня наведаць пляцоўку будаўніцтва БелАЭС у рамках партнэрскага агляду нацыянальнага пляну дзеяньняў па выніках стрэс-тэстаў 2018 году. Тады не было выяўлена неадпаведнасьцяў патрабаваньням беларускіх нормаў, заснаваных на стандартах бясьпекі МАГАТЭ.

Два гады таму экспэрты зрабілі шэраг рэкамэндацый адносна павышэньня бясьпекі. Па выніках правядзеньня стрэс-тэстаў БелАЭС у 2019 годзе падрыхтавалі «Нацыянальны плян дзеяньняў».

Беларусь завяршае будаўніцтва АЭС побач з горадам Астравец ў Горадзенскай вобласьці па расейскім праекце «ВВЭР-1200». Яна будзе складацца з двух энэргаблёкаў магутнасьцю 1200 МВт кожны. Генпадрадчык будаўніцтва АЭС — група ASE.

Фізычны пуск першага энэргаблёку станцыі адбыўся 20 жніўня, яго ўвод у эксплюатацыю заплянаваны на першы квартал 2021 года. Другога блёку — у 2022 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Плянавае адключэньне». Мінэнэрга пра спыненьне рэактарнай устаноўкі БелАЭС