Старшыню БАЖ Бастунца дапыталі ў Сьледчым камітэце ў якасьці сьведкі

Андрэй Бастунец, старшыня БАЖ.

Андрэй Бастунец даў падпіску аб невыдаваньні інфармацыі пра крымінальную справу.

Як паведамляе БАЖ, 16 сьнежня старшыню Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца выклікалі на допыт у Сьледчы камітэт у якасьці сьведкі ў крымінальнай справе, заведзенай паводле артыкулу 361 Крымінальнага кодэксу (Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь).

Канкрэтна яго дапытвалі паводле часткі 3 гэтага артыкулу: «Дзеяньні, прадугледжаныя часткамі 1 або 2 гэтага артыкула, учыненыя з выкарыстаньнем сродкаў масавай інфармацыі ці інтэрнэту».

Андрэй Бастунец даў падпіску аб невыдаваньні інфармацыі аб матэрыялах справы, таму падрабязнасьцяў паведаміць ня можа. Але сказаў, што справа ня тычыцца дзейнасці ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

«На жаль, абцяжараны падпіскамі аб невыдаваньні, адзінае магу сказаць, што ўсё ня так страшна. Прынамсі выйшаў адтуль, гэта ўжо пра нешта сьведчыць»,— сказаў Бастунец Свабодзе.

Допыт цягнуўся каля трох гадзін і адбываўся ў прысутнасьці адваката.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да бацькоў палітзьняволенай Чульцовай прыходзілі зь ператрусам, Андрэева ў СІЗА перанесла алергічны прыступ