Пуцін пра Навальнага: «Ды каму ты патрэбен? Хацелі б — давялі б да канца»

Уладзімір Пуцін на прэс-канфэрэнцыі 17 сьнежня 2020 г.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на прэс-канфэрэнцыі 17 сьнежня заявіў, што за расьсьледаваньнем атручэньня апазыцыянэра Аляксея Навальнага стаяць спэцслужбы ЗША.

Адказваючы на пытаньне карэспандэнта Life, Пуцін не назваў Навальнага па імені, характарызуючы яго як «пацыента бэрлінскай клінікі». Пуцін ня стаў абвяргаць адну з ключавых высноваў расьсьледаваньня, апублікаванага ў панядзелак Bellingcat і шэрагам СМІ пра тое, што Навальнага ў яго паездках па Расеі суправаджала група супрацоўнікаў ФСБ. Паводле Пуціна, за супрацоўнікамі расейскіх спэцслужбаў сочаць супрацоўнікі спэцслужбаў ЗША, таму нельга дзівіцца таму, што яны адсочваюць іх тэлефонныя званкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяргей Лаўроў ўпершыню пракамэнтаваў публікацыі пра сувязь ФСБ з атручэньнем Навальнага

Само расьсьледаваньне Пуцін назваў легалізацыяй інфармацыі спэцслужбаў ЗША. Пуцін сказаў, што гэта сьведчыць пра тое, што і сам апазыцыянэр супрацоўнічае са спэцслужбамі. «Але гэта ня значыць, што яго цкаваць трэба. Ды каму ты патрэбен? Хацелі б — давялі б справу да канца», — сказаў Пуцін, заявіўшы, што дазволіў вывезьці Навальнага на лячэньне ў Нямеччыну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яд трапляў у арганізм павольна». Экспэрт-таксыколяг пра некалькі спробаў атруціць Навальнага