Прызналі палітвязьнем лекара, які паведаміў, што Раман Бандарэнка быў цьвярозым

Арцём Сарокін

Беларускія праваабаронцы заклікалі неадкладна вызваліць лекара шпіталю хуткай дапамогі Арцёма Сарокіна і прызналі яго палітвязьнем.

Арцёма Сарокіна і журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч затрымалі 19 лістапада. Іх абвінавацілі ў выдаваньні мэдычнай таямніцы за артыкул пра тое, што памерлы ад ранаў Раман Бандарэнка быў цьвярозы. Сваякі пацьвердзілі, што паводле выпіскі ў крыві Бандарэнкі было нуль праміле алькаголю.

Гэта зьняпраўджвала заявы ўладаў, маўляў Бандарэнка быў пʼяны. Такім чынам, публікацыя гэтага факту была скіраваная на абарону рэпутацыі Бандарэнкі і абвяржэньне хлусьні, адзначаюць праваабаронцы.

24 лістапада Арцёма Сарокіна і Кацярыну Барысевіч міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала вязьнямі сумленьня. У той жа дзень беларускія праваабаронцы прызналі Кацярыну Барысевіч палітзьняволенай.

У Беларусі цяпер 158 палітычных вязьняў.

Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі

Раман Бандарэнка

  • Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
  • Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
  • Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
  • У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
  • Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
  • Раман быў у крытычным стане.
  • ​ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
  • Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
  • 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
  • 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
  • 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі народ, Ціханоўскія, дактары ды іншыя Героі 2020 году