Трамп усумніўся ў датычнасьці Расеі да кібэратакі супраць ЗША

Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп лічыць, што за хакерскай атакай на ведамствы ЗША могуць стаяць кітайскія ўлады. Напярэдадні дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо абвінаваціў у буйным хакерскім нападзе Расею.

«Расея, Расея, Расея — вось што ў першую чаргу ўсе пачынаюць пяяць, калі што-небудзь адбываецца, бо вядучыя СМІ, у асноўным зь фінансавых прычынаў, баяцца абмяркоўваць магчымасьць таго, што гэта можа быць Кітай», — напісаў Трамп у твітэры.

Трамп таксама думае, што падчас выбараў у ЗША машыны для галасаваньня маглі ўзламаць кітайскія хакеры і што гэта магло паўплываць на вынікі галасаваньня.

Ён зноў паўтарыў, што папраўдзе выйграў выбары. Твітэр пазначыў гэты допіс як дэзынфармацыю, адзначыўшы, што перамог Джо Байдэн.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўны сакратар ЗША заявіў пра ролю Расеі ў маштабнай кібэратацы на амэрыканскія ведамствы

Раней Майк Пампэо заявіў, што Расея мае дачыненьне да маштабнай кібэратакі на амэрыканскія ведамствы і кампаніі, якая працягвалася зь вясны 2020 году.

Мэтамі хакерскай атакі былі

  • Міністэрства фінансаў,
  • нацыянальная ўправа тэлекамунікацыі ды інфармацыі,
  • больш за 40 урадавых агенцтваў, аналітычных цэнтраў, няўрадавых арганізацыяў, IT-кампаній, у тым ліку Microsoft.

Паводле Пампэо, хакеры намагаліся ўбудаваць шкодны код ва ўрадавыя сыстэмы ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэнат Кангрэсу ЗША зацьвердзіў кандыдатуру новага амбасадара ў Беларусі, упершыню з 2008 году