У Менску пачаўся суд па пазове былога амбасадара Астапенкі да МЗС

Адвакат Сяргей Зікрацкі ў судзе па справе Ўладзімера Астапенкі

Дыплямат лічыць, што яго звольнілі зь неадпаведнай фармулёўкай. Яму так і не патлумачылі, за які менавіта ўчынак звольнілі. Супраць самога Ўладзімера Астапенкі справу завяла Генпракуратура.

Былы амбасадар Беларусі ў Аргентыне і шэрагу іншых краінаў Лацінскай Амэрыкі Ўладзімер Астапенка падаў у адстаўку ў дзень інаўгурацыі Лукашэнкі ў канцы верасьня. Дыплямат хацеў звольніцца «па згодзе бакоў». Аднак у канцы кастрычніка ён адклікаў сваю заяву і зьвярнуўся ў МЗС з новай, дзе патрабаваў свайго звальненьня ў сувязі з парушэньнем заканадаўства наймальнікам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Даверчыя граматы былі падпісаныя Лукашэнкам. Я ня мог іх уручаць». Экс-амбасадар Беларусі ў Аргентыне — пра прычыны адстаўкі

На думку былога амбасадара, дзеяньні беларускага МЗС спрыяюць прызнаньню нелегітымнасьці кіраўніка дзяржавы, а таксама вядуць да міжнароднай ізаляцыі Беларусі. Што, у сваю чаргу, робіць немагчымым выкананьне ім сваіх абавязкаў.

Звольнілі Астапенку праз тыдзень пасьля гэтага адмысловым указам Лукашэнкі, дзе сьцьвярджалася, што былы амбасадар зьдзейсьніў учынак, не сумяшчальны з займанай пасадай. У сваім пазове да МЗС дыплямат адзначае, што са звальненьнем згодны, аднак катэгарычна не пагаджаецца з фармулёўкай. Уладзімер Астапенка настойвае на тым, што ў сувязі зь дзеяньнямі афіцыйнага Менску больш не лічыў магчымым выконваць свае абавязкі як дыплямат, і менавіта гэта стала прычынай звальненьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка звольніў пасла ў Аргентыне і пазбавіў яго рангу

Паседжаньне па пазове Астапенкі пачаў разглядаць Ленінскі суд Менску. Прадстаўнікі МЗС на працэсе не зьявіліся. Адвакат Уладзімера Астапенкі Сяргей Зікрацкі падаў хадайніцтва аб дыстанцыйным апытаньні Астапенкі, які цяпер знаходзіцца ў Варшаве. Аднак судзьдзя Вольга Шодар адмовіла ў гэтым «у сувязі зь немагчымасьцю арганізацыі канфэрэнц-сувязі». Заўвагу адваката Зікрацкага, што цяпер у Беларусі рэгулярна праходзяць працэсы з апытаньнем сьведак і абвінавачаных з дапамогай відэасувязі, судзьдзя таксама адхіліла.

Зікрацкі прасіў яшчэ далучыць да заявы Астапенкі справаздачы праваабаронцаў аб шматлікіх парушэньнях выбарчага заканадаўства і прымяненьні гвалту ў дачыненьні да мірных грамадзян з боку ўладаў. У тым ліку справаздачу місіі АБСЭ. Гэтую просьбу судзьдзя не задаволіла.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Завалодаў 2393 далярамі ЗША». Пракуратура завяла справу на былога амбасадара ў Аргентыне Астапенку, які крытыкуе Лукашэнку

«У такой сытуацыі, якая склалася ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня, Астапенка ня мог ажыцьцяўляць свае функцыі амбасадара Рэспублікі Беларусь, — сказаў у сваім выступе адвакат Зікрацкі. — Праз сытуацыю ў Беларусі ён ня змог удзельнічаць у цырымоніі ўручэньня грамат прэзыдэнту Пэру, хоць меў на руках такія дакумэнты... Уладзімер Астапенка быў звольнены ўказам кіраўніка дзяржавы ў сувязі са „зьдзяйсьненьнем учынку, несумяшчальнага са знаходжаньнем на дыпляматычнай службе“. Мы лічым гэта неабгрунтаваным. Нягледзячы на шматлікія спробы даведацца, што гэта быў за ўчынак, Уладзімер Астапенка так і ня змог гэтага зрабіць».

Паводле адваката Зікрацкага, суд абавязаны праверыць законнасьць звальненьня амбасадара Астапенкі і мае ўсе працэсуальныя правы для таго, каб прызнаць, што Астапенка не зьдзяйсьняў нічога, што магло б быць падставай для яго звальненьня. Таксама абаронца падаў хадайніцтва аб атрыманьні тлумачэньняў пра характар учынку Ўладзімера Астапенкі, які стаў прычынай яго звальненьня. Гэтае хадайніцтва судзьдзя Шодар тасама адхіліла.

«Я вымушаны заявіць адвод судзьдзі, — сказаў адвакат Сяргей Зікрацкі, калі судзьдзя чарговы раз адмовілася задаволіць яго хадайніцтва. — У нас узьніклі абставіны, якія выклікаюць падазрэньні ў аб’ектыўнасьці і бесстароннасьці судзьдзі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-амбасадар у Аргентыне расказаў, на што выдаткаваў суму, за якую пракуратура завяла на яго крымінальную справу

Адвод сябе судзьдзя Вольга Шодар таксама пакінула без задавальненьня. Падчас вывучэньня матэрыялаў справы яна паведаміла, што там ёсьць некалькі дакладных запісак аб адсутнасьці Ўладзімера Астапенкі на працоўным месцы ў пачатку лістапада.

«Мы мяркуем, што неабходна ўдакладненьне пазыцыі самога заяўніка па агучаных матэрыялах, — заявіў адвакат Астапенкі Сяргей Зікрацкі. — Грамадзянскі працэсуальны кодэкс прадугледжвае права заяўніка ўдзельнічаць у судовым паседжаньні. Просім абвясьціць перапынак».

Судзьдзя Шодар на гэта адказала, што абвяшчае перапынак у справе да 12 гадзіны 24 сьнежня.

21 сьнежня стала вядома, што супраць самога Ўладзімера Астапенкі крымінальную справу завяла Генпракуратура. Яго абвінавачваюць у крадзяжы 2393 даляраў праз злоўжываньне службовым становішчам. Сам дыплямат настойвае, што гэтыя грошы выкарыстаў на вяртаньне з Аргентыны разам зь сям’ёй і багажом. І нават зэканоміў сродкі амбасады, бо прыляцеў ня ў Менск, а ў Варшаву, што абышлося таньней. Аб працэсуальных дзеяньнях па гэтай справе пакуль нічога невядома.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладзімер Астапенка заклікаў дэмакратычныя дзяржавы не дапусьціць ператварэньня Беларусі ў канцлягер