У якіх краінах ужо выявілі мутаваны каранавірус

Вакцынацыя ад каранавірусу. Ілюстрацыйнае фота

Новы штам каранавірусу быў выяўлены ў Швэцыі ў падарожніка зь Вялікабрытаніі, паведамляе Reuters.

Прэс-сакратар швэдзкага агенцтва аховы здароўя Сара Байфарс заявіла, што падарожнік, які прыехаў зь Вялікабрытаніі на Каляды, знаходзіцца ў ізаляцыі, і да гэтага часу ня выяўлена новых пазытыўных тэстаў.

Лічыцца, што новы варыянт вірусу больш заразны, чым ранейшы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Варыянт брытанскага каранавірусу: што мы ведаем пра яго

Раней у гэтым месяцы Швэцыя ўвяла абмежаваньні на паездкі для пасажыраў зь Вялікабрытаніі на фоне занепакоенасьці новым відам. Падобныя меры былі прыняты шэрагам іншых краін ЭЗ і ва ўсім сьвеце.

У Францыі і Гішпаніі ў суботу былі зарэгістраваныя першыя выпадкі мутаванай каранавіруснай інфэкцыі. Выпадак заражэньня новым штамам быў таксама зарэгістраваны ў Нямеччыне ў жанчыны, якая прыляцела самалётам зь Лёндану, і ў Лібане, таксама ў пасажыра лёнданскага рэйсу. За апошнія дні пра выяўленьне гэтага штаму паведамлялі таксама Данія, Нідэрлянды, Італія і яшчэ некалькі дзяржаваў па-за межамі Эўропы – напрыклад, Аўстраліі, Японіі.