У Купалаўскім тэатры, зь якога сышла большасьць актораў, правялі закрыты перадпрэм'ерны паказ «Паўлінкі»

«Паўлінка» на сцэне Купалаўскага у ранейшым складзе тэатральнай трупы

У Купалаўскім тэатры адбыўся закрыты перадпрэм’ерны паказ спэктакля «Паўлінка». Пра гэта паведамілі некалькі крыніц Tut.by.

У тэатральнай прэс-службе парталу Tut.by паведамілі, што ня маюць інфармацыі пра такі паказ. Аднак зь іншых крыніц вядома, што 28 сьнежня адбыўся ня першы перадпрагляд адной з пастановак. Са старой трупы на сцэну выйшлі некалькі чалавек, астатніх набралі праз кастынг.

Як анансаваў 14 сьнежня міністар культуры Анатоль Маркевіч, гаворка пра новую вэрсію знакамітага спэктакля «Паўлінка». На сайце тэатру — ніякай інфармацыі аб прэм’еры, няма і квіткоў у продажы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Харошкі» праігнаравалі заклікі ня быць штрэйкбрэхерамі і выступілі на сцэне Купалаўскага тэатру 

Асноўная частка трупы сышла ў жніўні на знак пратэсту супраць звальненьня свайго дырэктара Паўла Латушкі і агульнай сытуацыі ў краіне. На дадзены момант ад старога складу засталося 12 чалавек.

Першапачаткова на апусьцелай сцэне выступалі «штрэйкбрэхеры». Спачатку ансамбль «Харошкі», затым аркестар Міхаіла Фінберга, хор імя Цітовіча і, нарэшце, гурт «Галасы ЗМеста», які выконвае зьедлівыя песьні аб пратэстах і лідэрах супраціву.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Еднасьці гэта не дадасьць». Кіраўнік хору імя Цітовіча пра канцэрты ў Купалаўскім 

Паралельна з апошнімі выступамі ў Купалаўскім ад 11 лістапада пачаліся праслухоўваньні ў новую трупу. Зь Міністэрства культуры пачалі тэлефанаваць у абласныя тэатры Беларусі, каб адтуль дэлегавалі актораў у Купалаўскі. Аднак ахвотных знайшлося няшмат, і на праслухоўваньне адправілі студэнтаў Унівэрсытэту культуры.

Выглядае, што ўзровень удзельнікаў не задаволіў камісію, таму новы міністар Анатоль Маркевіч паведаміў, што кастынг працягваецца. Па яго словах, набрана больш за 20 актораў. Прозьвішчы не агучваюцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нармальныя людзі ходзяць бяз маскі». Пяць гісторый пра былога міністра культуры Юрыя Бондара

Як казаў раней міністар, першы паказ «Паўлінкі» намечаны на першую дэкаду студзеня 2021 году.

П’еса Янкі Купалы «Паўлінка» напісаная ў 1912 годзе, упершыню яе паставілі ў 1913-м. Доўгія гады менавіта паказам «Паўлінкі» купалаўцы адкрывалі новы тэатральны сэзон.