У Расеі лічбы Расстату аб сьмяротнасьці хворых на COVID-19 аказаліся значна большымі за лічбы апэратыўнага штабу

Віцэ-прэм'ер ураду Расеі Тацяна Голікава

У лістападзе 2020 году Расеі памерлі 35 645 чалавек, у якіх быў дыягнаставаны каранавірус, вынікае з дадзеных Расстату. Гэта ў 1,5 раза больш, чым месяцам раней, інфармуе ВВС.

Паводле дадзеных Расстату, у лістападзе COVID-19 стаў асноўнай прычынай сьмерці ў 19 626 выпадках. Яшчэ ў 3 984 выпадках каранавірус, як мяркуецца, стаў асноўнай прычынай, але ідэнтыфікаваны ня быў, у 2 178 выпадках ён быў спадарожным захворваньнем і спрыяў зьяўленьню ўскладненьняў, а ў 9 857 выпадках — спадарожным, але не паўплываў на сьмяротны зыход.

Такім чынам, лістапад стаў рэкордным у колькасьці памерлых з COVID-19 з пачатку пандэміі ў Расеі. У кастрычніку, згодна з дадзенымі Расстату, у краіне памерлі 24 333 чалавекі з выяўленым каранавірусам, у верасьні — 10 179.

Рэкордным стала і колькасьць выпадкаў, дзе каранавірус быў прызнаны асноўнай прычынай сьмерці — у параўнаньні з кастрычнікам яна вырасла на 50%.

Усяго, паводле дадзеных Расстату, у лістападзе 2020 году ад розных прычын у Расеі памерла 219 872 чалавекі, што ў 1,5 раза больш, чым у лістападзе летась.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 1816 чалавек захварэлі, 10 памерлі: афіцыйная статыстыка каранавірусу ў Беларусі за дзень

10 сьнежня Расстат паведамляў, што колькасьць памерлых з каранавірусам за красавік–кастрычнік (з улікам усіх чатырох катэгорый) дасягнула 78 623 чалавек. Цяпер жа, як вынікае з дадзеных службы, яна вырасла да 114 268.

Паводле ж дадзеных апэратыўнага штабу барацьбы з каранавірусам на 28 сьнежня, усяго з пачатку пандэміі ў Расеі памерлі 55 265 чалавек з выяўленым каранавірусам.

Лічбы апэратыўнага штабу значна меншыя, бо Расстат і апэратыўны штаб лічаць колькасць сьмяротных зыходаў паводле рознай мэтадалёгіі, тлумачаць улады.

«Мы публікуем гэтую статыстыку як статыстыку памерлых у штодзённым рэжыме выключна пры наяўнасці адназначнага дыягназу сьмерці ад COVID-19», — сказала віцэ-прэм’ер Тацяна Голікава.