Палітвязень Ігар Лосік галадае дваццаты дзень. Ён прыслаў з турмы свой партрэт, намаляваны сукамэрнікам

Ігар Лосік. Архіўнае фота.

Перад самым Новым годам у Жодзінскім СІЗА палітвязьня, адміністратара тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» Ігара Лосіка наведаў адвакат. Пра гэта Свабодзе паведаміла ягоная жонка Дар’я.

«Адвакат кажа, што ён адчуваў сябе нядрэнна, у яго бралі аналіз крыві і ўзважвалі, праўда, вынікаў пакуль няма. Адчувае сябя няблага, п’е ваду і гарбату, ужывае і нормагідрон для аднаўленьня ўзроўню соляў у арганізме. Голаду не ачувае. Галадоўку пратэсту сканчаць пакуль не зьбіраецца», — расказала Дар’я Лосік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьню Ігару Лосіку працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай да 25 сакавіка

Ігар Лосік перадаў праз адкавата, што ўвесь час трымае перад сабою фота жонкі Дар'і і дачкі Паўлінкі, гэта яму маральна дапамагае. Перадаваў віншаваньні з Новым годам сябрам і калегам; ён спадзяецца на перамогу свайго пратэсту, што зь яго здымуць усе фальшывыя абвінавачваньні.

Са слоў адваката, выглядае Ігар вонкава няблага, ніякіх зьменаў у арганізьме ня выяўлена. 3 студзеня ідзе ўжо 20-ы дзень ягонай галадоўкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мае сваякі — свабодныя беларусы». Пра што пішуць у турму і з турмы

Лісты ад Ігара сям’і былі 28 і 29 сьнежня. У іх ён прыслаў калядную паштоўку і ўласны партрэт, зроблены сукамэрнікам.

Партрэт Ігара Лосіка, нарысавны ягоным сукамернікам пасьля двух тыдняў галадоўкі пратэсту. Жодзінскае СІЗА.

Дар’я з дачкой Паўлінкай сустракалі Новы год у яе бацькоў. Дзяўчынка атрымала шмат падарункаў, у тым ліку ад незнаёмых людзей з розных куткоў Беларусі — усе стараліся зрабіць, каб яна адчула сьвята, хоць і бяз бацькі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жонка палітвязьня Ігара Лосіка спыніла галадоўку, яе муж у СІЗА працягвае галадаць

25 чэрвеня ў Баранавічах, дзе жыве Ігар Лосік зь сям’ёй, прайшоў ператрус, пасьля якога яго затрымалі. У дачыненьні да блогера завялі крымінальную справу паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу.

Пасьля ізалятару часовага ўтрыманьня яго перавялі ў СІЗА № 1 Менска. Затым Ігара Лосіка адвезьлі ў СІЗА Жодзіна.

15 сьнежня яму прад’явілі новае абвінавачваньне паводле п. 13 ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках. На знак пратэсту ён абвясьціў бестэрміновую галадоўку.