«Плянавалася фізычнае зьнішчэньне Суздальцава». Ігар Макар назваў яшчэ адну мішэнь «расстрэльнай каманды»

Андрэй Суздальцаў, архіўнае фота

Былы намесьнік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз» Ігар Макар у інтэрвію «Настоящему времени» назваў імя яшчэ аднаго чалавека, якога зьбіраліся ліквідаваць.

«Таксама ў мяне ёсьць доказы і пацьверджаньні таго, што плянавалася фізычная ліквідацыя Андрэя Іванавіча Суздальцава. Гэтага на запісе няма, але гэта пацьвердзіць мая крыніца асабіста ў судзе», — сказаў Макар.

«Я спадзяюся, што на гэта ўсё адрэагуе Расейская Фэдэрацыя. Я вельмі спадзяюся, што адрэагуе ўсясьветная супольнасьць, у прыватнасьці эўрапейская, і Амэрыка. І я думаю, што ўрэшце мы зможам пабароць гэты дыктатарскі рэжым, які дзейнічае ў нашай роднай краіне Беларусі», — дадаў ён.

Дэпартацыя Андрэя Суздальцава зь Беларусі 5 красавіка 2006 году

Андрэй Суздальцаў — расейскі палітоляг, які да 2006 году працаваў у Менску і крытыкаваў рэжым Лукашэнкі. У 2006 годзе яго пазбавалі віду на жыхарства і дэпартавалі ў Расею як асобу, якая «ўяўляе пагрозу нацыянальнай бясьпецы Беларусі».

Пра што гаворыцца ў расьсьледаваньні EUObserver

  • Выданьне апублікавала гукавы запіс размовы 2012 году з удзелам кагосьці, чый голас нагадвае голас тагачаснага старшыні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Вадзіма Зайцава.
  • Падчас гутаркі з двума суразмоўцамі абмяркоўваецца апэрацыя ліквідацыі Алега Алкаева (былога начальніка СІЗА № 1, «Валадаркі» ў Менску), Уладзімера Барадача (былога камандзіра брыгады спэцназу), Вячаслава Дудкіна (былога выканаўцы абавязкаў начальніка аддзелу барацьбы з карупцыяй) і Паўла Шарамета (расейскага журналіста беларускага паходжаньня, які ў той час жыў у Маскве).
  • Паводле запісу, Аляксандар Лукашэнка нібыта выдзеліў звыш 1,5 млн даляраў на апэрацыі такога кшталту.
  • Спэцыялісты NATO ў Беларусі, знаёмыя з Зайцавым, пацьвердзілі брусэльскаму выданьню падабенства голасу Зайцава на аўдыё.
  • З 2013 году былы галава КДБ Зайцаў узначальвае прыватную кампанію — правайдэра тэле- і інтэрнэт-паслуг «Космас ТВ».

Радыё Свабода спрабавала атрымаць камэнтар КДБ да публікацыі EUobserver, аднак нумар тэлефона прэс-службы не адказвае. Свабода накіравала адпаведны запыт праз электронную пошту Камітэту дзяржаўнай бясьпекі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы баец «Алмазу» пра меркаваны запіс з КДБ: Калі б я не зьвярнуўся да амэрыканскіх спэцслужбаў, названыя людзі былі б забітыя
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ​​​​​​​«Камісар паліцыі Бэрліна папярэдзіла, што рыхтуецца маё забойства» — Алкаеў пра пляны Лукашэнкі і КДБ
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Запіс з кабінэту Зайцава значна даўжэйшы», — аўтар расьсьледаваньня EUObserver