Замест Паўла Латушкі дырэктарам у Купалаўскі тэатар прызначылі чыноўніка Менгарвыканкаму

Падтрымка артыстаў Купалаўскага тэатру, жнівень 2020

Міністэрства культуры прызначыла Аляксандра Шастакова дырэктарам Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы. Да прызначэньня ён працаваў намесьнікам начальніка ўпраўленьня культуры Менгарвыканкаму.

Прадстаўляючы калектыву новага кіраўніка, міністар культуры Анатоль Маркевіч падкрэсьліў, што «Аляксандар Віктаравіч адказна ставіцца да пытаньняў рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры», гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні ведамства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра Купалаўскі і Латушку: Гэтая агідная старонка застанецца на ўсё жыцьцё

Удакладняецца, што за час працы ў Менгарвыканкаме ён праявіў сябе як «граматны і кваліфікаваны кіраўнік». Пад яго кіраўніцтвам праводзілася мэтанакіраваная праца «на павышэньне якасьці паслугаў, якія прадстаўляюцца ўстановамі культуры Менску, выкананьне сацыяльна-эканамічных паказьнікаў, стварэньне ўмоў для захаваньня і разьвіцьця беларускай культуры і мастацтва».

Ад леташняга верасьня, калі адзначаўся 100-гадовы юбілей установы, праца Купалаўскага тэатру была фактычна паралізаваная. Тагачаснага дырэктара Паўла Латушку кіраўніцтва Міністэрства культуры звольніла за асуджэньне гвалту сілавікоў супраць мірных пратэстоўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пажаданьне Беларусі ад Віктара Манаева: «Чакаю і зычу перамен»

На знак салідарнасьці зь ім падалі заявы аб звальненьні ўсе вядучыя акторы, а таксама тэхнічны пэрсанал. У тэатры засталіся блізу 10 чалавек, на ягонай пляцоўцы выступалі танцоры, харавікі і «кавээншчыкі».