Гэта другая вакцына ад каранавірусу, якая атрымала рэкамэндацыю ЕМА пасля Pfizer / BioNTech, з якой пачалася кампанія вакцынацыі ад COVID-19 ў Эўразьвязе.
Цяпер вакцына мусіць атрымаць ухваленьне ўладаў Эўразьвязу. Па словах кіраўніка Эўракамісіі Ўрсулы фон дэр Ляйен, цяпер у Эўракамісіі «поўным ходам працуюць над тым, каб зацьвердзіць гэтае рашэньне і зрабіць вакцыну даступнай у ЭЗ».
Фон дэр Ляйен дадала, што на сёньня Эўропа заручылася 2 млрд доз прэпаратаў для прышчэпкавай кампаніі — больш чым дастатковай колькасьцю «для абароны нас усіх». На 2020 год насельніцтва Эўропы дасягала 695 млн чалавек.
We are providing safe & effective #COVID19 vaccines for Europeans.We have authorised the @moderna_tx vaccine, the 2nd vaccine approved in the EU.Europe has secured so far 2 billion doses of potential vaccines - more than enough for protecting us all #StrongerTogether pic.twitter.com/Ujg4C997fK
— Ursula von der Leyen (@vonderleyen) January 6, 2021
Што вядома пра вакцыну Moderna
Клінічныя выпрабаваньні даказалі прыдатнасьць вакцыны для людзей, старэйшых за 18 гадоў, паведамляе ЕМА. У выпрабаваньнях прынялі ўдзел каля 30 тысяч валянтэраў. Яе эфэктыўнасьць склала 94 працэнты ў агульных выпадках, а з гледжаньня процідзеяньня сьмяротнага зыходу — 100 працэнтаў.
Прэпарат трэба ўводзіць двума дозамі ўколам у руку з інтэрвалам у 28 дзён. У ліку самых распаўсюджаных пабочных эфэктаў — ацёк у месцы ўколу, галаўны боль, боль у цягліцах, млоснасьць, адчуваньне стомленасьці, падвышэньне тэмпэратуры і інш. Як правіла, гэтыя эфэкты праходзяць праз некалькі дзён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Распрацоўка і запуск у вельмі сьціслыя тэрміны. Што вядома пра вакцыны ад каранавірусуЭЗ адстае з вакцынацыяй
З 27 сьнежня 2020 года ў ЭЗ праходзіць вакцынацыя з выкарыстаньнем прэпарата нямецкай кампаніі BioNTech і амэрыканскай Pfizer.
Эўразьвяз пачаў закупку вакцын пазьней ЗША, Японіі, Канады, Ганконга і іншых краін, адзначае часопіс Spiegel.
Вашынгтон пачаў закупкі ў ліпені, Брусэль — у сярэдзіне лістапада. Фармальна ЭЗ замовіў каля двух мільярдаў доз вакцыны, аднак вялікая частка прыпадае на прэпараты брытанскай AstraZeneca і францускай Sanofi, які не дайшоў да трэцяй стадыі выпрабаваньняў. У Вялікабрытаніі і ЗША ўжо вакцынавалі 600 тысяч і каля двух мільёнаў чалавек адпаведна, адзначае агенцтва Bloomberg.
У Беларусі пачалася вакцынацыя расейскім прэпаратам «Спутник V».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь першай з замежных краін зарэгістравала расейскую вакцыну «Спутник V» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пачалі прышчэпкі ад COVID-19 расейскай вакцынай ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі ў Беларусі будуць даступныя платныя вакцыны ад СOVID-19, невядома