У ЭЗ заклікалі забясьпечыць вакцынай краіны Ўсходняга партнэрства

Кіраўнікі МЗС 13 краінаў Эўразьвязу падпісалі ліст да кіраўніцтва Эўракамісіі з заклікам забясьпечыць справядлівы доступ да вакцыне ад каранавірусу для краінаў Усходняга партнэрства. У яго ўваходзяць Армэнія, Азэрбайджан, Малдова, Рэспубліка Беларусь і Ўкраіна.

Фотакопію ліста апублікаваў карэспандэнт Радыё Свабода.

Аўтары ліста заклікалі Эўракамісію распрацаваць мэханізм падтрымкі па аналёгіі з мэханізмам па забесьпячэньні прэпаратамі ад COVID-19 Заходніх Бальканаў. У канцы мінулага году Эўракамісія выдзеліла ім 70 мільёнаў эўра ў выглядзе грантаў на набыцьцё вакцыны. На думку кіраўнікоў МЗС, такія дзеяньні ЭЗ падвысяць геапалітычную ролю Эўразьвязу ў сьвеце.

Дыпляматычная крыніца ТАСС у Бруселі адзначыла, што прадастаўленьне спрошчанага доступу да вакцын — важны інструмэнт дыпляматычнага ўплыву. Суразмоўца агенцтва ўдакладніў, што больш простае атрыманьне прэпаратаў магчымае пасьля таго, як краіны ЭЗ атрымаюць неабходную колькасьць дозаў для сябе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўразьвязе ўхвалілі вакцыну ад каранавірусу Moderna

У Эўразьвязе працягваецца другая хваля пандэміі каранавіруснай інфэкцыі. У большасьці краінаў дзейнічаюць строгія абмежаваньні. У некаторых дзяржавах пачалася вакцынацыя групаў рызыкі — мэдыкаў, сацработнікаў і пажылых людзей ухваленым для ЭЗ прэпаратам вытворчасьці кампаній Pfizer і BioNTech. Але пакуль эўрапейскія краіны адчуваюць востры недахоп прэпарата для масавай вакцынацыі жыхароў ад COVID-19.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Распрацоўка і запуск у вельмі сьціслыя тэрміны. Што вядома пра вакцыны ад каранавірусу