Калектыўны імунітэт супраць COVID-19 не сфармуецца ў 2021 годзе, — экспэрт САЗ

Галоўная навуковая экспэртка Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ) Сумія Свамінанат заявіла ў панядзелак, што калектыўны імунітэт да каранавірусу ня будзе дасягнуты ў 2021 годзе, нягледзячы на рост даступнасьці вакцынаў

Пра гэта паведамляе Deutshce Welle.

Фактары, якія перашкаджаюць фармаваньню калектыўнага імунітэту — абмежаваны доступ да вакцынаў у краінах разьвіцьця, перасьцярогі насельніцтва адносна вакцынацыі і патэнцыял мутацыі вірусаў, лічаць экспэрты ў галіне аховы здароўя.

Усё большая колькасьць краін па ўсім сьвеце, уключаючы ЗША, Вялікую Брытанію і краіны Эўразьвязу, знаходзяцца на першых этапах масавых вакцынацыяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Масавая вакцынацыя мэдыкаў дагэтуль не пачалася

Калектыўны, статкавы імунітэт узьнікае, калі дастатковая колькасьць насельніцтва мае імунітэт да інфэкцыі, каб ён перашкаджаў распаўсюджваньню хваробы.

«Мы ня здолеем дасягнуць папуляцыйнага, статкавага імунітэту ў 2021 годзе», — сказала Свамінанат на брыфінгу, падкрэсьліўшы пры гэтым, што такія захады, як фізычная дыстанцыя, мыцьцё рук і нашэньне масак, па-ранейшаму неабходныя для стрымліваньня пашырэньня COVID-19.

Яна высока ацаніла «неймаверны прагрэс», дасягнуты дасьледчыкамі ў распрацоўцы некалькіх бясьпечных і эфэктыўных вакцынаў.

Навукоўка з САЗ заклікала людзей быць цярплівымі, заявіўшы, што распаўсюд вакцынаў «патрабуе часу», паколькі маштаб вытворчасьці павінен складаць мільярды дозаў.