Трамп увёў рэжым надзвычайнай сытуацыі ў Вашынгтоне напярэдадні інаўгурацыі Байдэна

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп увёў рэжым надзвычайнай сытуацыі ў Вашынгтоне і распарадзіўся накіраваць дадатковыя фэдэральныя сілы для аховы правапарадку падчас інаўгурацыі новага кіраўніка дзяржавы Джо Байдэна, якая адбудзецца 20 студзеня.

Экстраныя меры будуць дзейнічаць з 11 па 24 студзеня. Пра гэта заявіў Белы дом пасьля таго, як улады папярэдзілі пра пагрозы бясьпецы ў гэты пераходны пэрыяд.

Раней рэжым надзвычайнай сытуацыі ўвялі мясцовыя ўлады Вашынгтону. Гэта адбылося пасьля таго, як 6 студзеня прыхільнікі Трампа штурмавалі Капітолій.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палата прадстаўнікоў ЗША апублікавала тэкст рэзалюцыі аб імпічмэнце

Мінулай ноччу агенцтва Reuters паведаміла са спасылкай на свае крыніцы, што Дональд Трамп і віцэ-прэзідэнт Майкл Пэнс у панядзелак увечары сустрэліся ў Белым доме і правялі «добрую размову».

Сустрэча прэзыдэнта і віцэ-прэзыдэнта прайшла на фоне паведамленьняў аб нацягнутых адносінах паміж імі пасьля нападу прыхільнікаў Трампа на Капітолій на мінулым тыдні.

Трамп ужо заявіў, што, насуперак традыцыі, ня будзе наведваць інаўгурацыю абранага прэзыдэнта Джо Байдэна. Ён стане першым прэзыдэнтам ад сярэдзіны XIX стагодзьдзя, які адмовіўся ад такога запрашэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шварцэнэгер параўнаў напад на Капітолій з Крыштальнай ноччу