Камісія па літоўскай мове пакуль ня мае намеру мяняць назву Беларусі

Ланцуг салідарнасьці ў Вільні, жнівень 2020

Дзяржаўная камісія па літоўскай мове да зьмены палітычнай сытуацыі ў Беларусі ня мае намеру разглядаць пытаньне аб зьмене назвы суседняй краіны.

Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на словы старшыні камісіі Аўдрыса Антанайціса.

«Назва дзяржавы ня можа быць палітычнай разьменнай манэтай. Беларусь нас пра гэта афіцыйна ня просіць, — сказаў ён. — Такое абмеркаваньне магчымае з часам, калі сытуацыя зьменіцца».

У цяперашні час прынятая ў літоўскай мове назва краіны — Baltarusija. Baltas у перакладзе з літоўскай азначае «белы», Rusija, калі браць гэтае слова асобна, — «Расея».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва афіцыйна зьмяніла ў літоўскай мове назву Грузіі

На думку старшыні камісіі, просьба аб перайменаваньні, якая зыходзіць ад Сьвятланы Ціханоўскай, «можа стварыць небясьпечны прэцэдэнт». «Магчыма, што ёсьць і іншыя дзяржавы, лідэры апазыцыі ці нават кіраўнікі якіх хацелі б зьмяніць назву, але гэта даволі складана, лепш пачакаць», — заявіў Антанайціс.

Раней МЗС Літвы заявіла, што зьвернецца ў дзяржаўную камісію па літоўскай мове па пытаньні перайменаваньня Беларусі ў афіцыйным абароце.

«Міністэрства замежных спраў папросіць камісію па дзяржаўнай мове ацаніць прапанову і пачаць працэдуру ўдакладненьня назвы», — прыводзяцца ў паведамленьні словы кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства Літвы Габрыэлюса Ландсбэргіса.

МЗС таксама паведаміў, што з просьбай аб пераглядзе ў афіцыйным абароце найменьня Беларусі ў ведамства зьвярнулася Сьвятлана Ціханоўская, якая з канца жніўня 2020 году знаходзіцца ў Літве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар замежных справаў Літвы сустрэўся зь Ціханоўскай і заявіў аб прыярытэтнасьці беларускай справы